Як заплаціць за інтэрнэт 13 разоў за год і не заўважыць гэтага

Як заплаціць за інтэрнэт 13 разоў за год і не заўважыць гэтага

Калі вам кажуць, што месяц доступу ў інтэрнэт будзе каштаваць вам, скажам, 30 рублёў, уважліва чытайце дамову. Некаторыя беларускія правайдары пад месяцам разумеюць 30 дзён. Нават калі ў месяцы 28 ці 31 дзень, рахунак за інтэрнэт вам будзе выпісвацца раз на 30 дзён, і ніяк інакш.

Здавалася б, 30 дзён і 1 месяц — гэта адно і тое ж, але гэта не зусім так. У звычайным годзе 365 дзён. Калі вы плаціце за інтэрнэт раз на месяц, за год правайдар выставіць вам 12 рахункаў. А калі плаціць раз на 30 дзён, дык 12-цю рахункамі будуць "накрытыя" толькі 360 дзён (12*30). 5 дзён застануцца ў астачы.

"Сапраўды, наша кампанія прадастаўляе паслугі на 30 календарных дзён. Праз гэта дата аплаты ссоўваецца", — тлумачаць у буйным мінскім правайдары "Атлант Тэлекам".

Як гэта выглядае на практыцы? Глядзіце скрыншот. У верасні за інтэрнэт трэба было заплаціць 12-га чысла. У верасні 30 дзён, таму дата наступнага плацяжу не ссунулася. А ў кастрычніку 31 дзень, таму лістападаўскі плацеж прыпаў ужо не на 12-е, а на 11-е чысло!

Як заплаціць за інтэрнэт 13 разоў за год і не заўважыць гэтага

Вось як выглядае графік плацяжоў у 2017 годзе, калі рахунак выстаўляецца раз на 30 дзён. Дата ссоўваецца на 5 дзён назад:

 

Як заплаціць за інтэрнэт 13 разоў за год і не заўважыць гэтага

А цяпер давайце паглядзім рэкламу на сайце правайдара. Знайдзіце тут хаця б адну згадку пра 30 дзён:

 

Як заплаціць за інтэрнэт 13 разоў за год і не заўважыць гэтага

Ніжэй, пасля пералічэння тарыфаў, правайдар чэсна апісвае ўмовы, на якіх прадастаўляюцца паслугі. Калі вы не дагарталі ці чыталі няўважліва — вашы праблемы:

 

Як заплаціць за інтэрнэт 13 разоў за год і не заўважыць гэтага

Здавалася б, што такое пяць дзён за год? Дробязь. Але на шосты год такой сітуацыі вам давядзецца заплаціць за інтэрнэт 13 разоў. Лішні месяц складзецца з астач за кожны год.

"З іншага боку, заўжды фіксаваны кошт пакета. За адзін дзень карыстання заўжды стаіць фіксаваная сума да аплаты, — неспадзявана знаходзяць перавагі ў такім стане спраў у "Атлант Тэлекаме". — І каб не было сітуацыі, калі ў адным месяцы вы аплачваеце больш, у іншы — менш, а ў трэці месяц (напрыклад, у лютым) яшчэ менш, заўжды ў пакеце стаіць фіксаваны кошт дзён — гэта 30".

У іншых правайдараў сума штомесяц таксама аднолькавая. Нягледзячы на тое, што грошы бяруць за месяц доступу ў інтэрнэт, а не за 30 дзён. Вось, напрыклад, "Белтэлекам" — буйны дзяржаўны правайдар, які працуе пад брэндам ByFly:

"Штомесячны кошт спісваецца з асабовага рахунку штодзень, роўнымі долямі, цягам каляндарнага месяца".

А вось яшчэ адзін мінскі інтэрнэт-правайдар — Cosmos TV:

"Калі ўзяць, напрыклад, тарыф "Першая касмічная", вы плаціце 8,5 рубля, і гэтая сума штодня спісваецца роўнымі долямі цягам месяца".

Розніца паміж сістэмамі аплаты ў тым, што ў "Атлант Тэлекама" сума штодзённага спісання аднолькавая ўвесь год, а ў іншых згаданых правайдараў вагаецца ў залежнасці ад таго, колькі дзён у кожным канкрэтным месяцы. Але ці вельмі гэта важна для кліентаў, калі плаціць усё роўна даводзіцца столькі, колькі каштуе тарыф?

За год набягае $270 тысяч, за 6 гадоў — больш за $1,5 млн

Гаворка ідзе не пра такія ўжо і дробныя грошы. "Атлант Тэлекам" на сваім сайце паведамляе, што на канец 2016 года меў 126 тысяч абанентаў. За кошт 5 дзён "у астачы" кожны з іх штогод плаціць дадаткова 16,6% ад месячнага тарыфу. У выпадку з папулярным тарыфам "Wi-Fi + TV", які каштуе 25,9 рубля за месяц, гэтая штогадовая пераплата для кожнага абанента складзе 4,3 рубля.

Калі памножыць на 126 тысяч абанентаў, атрымаецца 541 тысяча рублёў, ці каля $270 тысяч. Неблагая прыбаўка!

"Атлант-тэлекам" — не адзіны беларускі правайдар, які разумее пад месяцам 30 каляндарных дзён. Таму, калі лічыце грошы ў сваім кашальку, уважліва чытайце дамовы!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі