Якім будзе першы замежны візіт новаабранага прэзідэнта?
Някляеў, Статкевіч і Цярэшчанка перш за ўсё наведаюць Маскву, Раманчук паляціць у Канаду, Рымашэўскі — у Літву альбо Ўкраіну, Міхалевіч — у Прагу, а Кастусёў —
Еўрарадыё пацікавілася ў прэтэндэнтаў, куды будзе іх першы візіт у
якасці прэзідэнта: Маскву, Брусель ці Вашынгтон? Лідар кампаніі “Гавары
праўду!” Уладзімір Някляеў нечаканага адказу не даў. “На Ўсход!” — коратка адказаў ён. Але потым патлумачыў.
Уладзімір Някляеў: “Пры
ўсіх размовах пра наш рух на Захад, які для мяне вельмі важны, менавіта
ўрэгуляванне тых супярэчнасцяў, што ўзніклі на сённяшні дзень з Расіяй,
— ёсць першачарговае знешнеэканамічнае пытанне. Як і знешнепалітычнае”.
Еўрарадыё
пацікавілася, ці не выклікана жаданне найперш рушыць на Ўсход і
неабходнасцю наведаць тых сяброў, якія фінансава падтрымліваюць кампанію
Някляева. Той шчыра прызнаўся, што і гэты складнік прысутнічае. Пасля
чаго дадаў, што больш фінансавых аргументаў у БТ супраць “Гавары
праўду!” не будзе.
Уладзімір Някляеў: “Пасля таго, як
Лукашэнка закрычаў пра нейкія 200 тысяч, якія ён нібыта знайшоў, і рабіў
акцэнт, што гэта менавіта грошы Някляева, “Гавары праўду!”, і было
адчуванне, што вось-вось пра гэта заявіць і пачнецца працэс над
здраднікамі народа, — мы проста больш не займаемся тым, што ездзім і
наладжваем кантакты з людзьмі, з якімі звязаныя фінансава. Яны самі
ўзялі гэта на сябе”.
У тым, што першы візіт кожнага новаабранага прэзідэнта Беларусі мусіць быць у Маскву, упэўнены і Мікалай Статкевіч.
Мікалай Статкевіч: “Такая
сённяшняя эканамічная і палітычная рэальнасць, што беларуская эканоміка
падвязаная да расійскай эканомікі. І я думаю, што гэты фактар кожны
цвярозы палітык павінен улічваць. Думаю, Брусель не пакрыўдзіцца, калі
да іх візіт будзе другі”.
А вось у намесніка старшыні Партыі БНФ прыярытэтаў няма — найперш паедзе туды, куды першым запросяць.
Рыгор Кастусёў: “Хто
першы будзе запрашаць — туды і паеду. Але мне хацелася б пабываць і ў
Вашынгтоне, і ў Бруселі, і ў Маскве. І хацелася б з усімі сябраваць”.
Яраслаў Раманчук заявіў, што ні ў адну з трох пералічаных сталіц ён адразу не паедзе. Першы візіт будзе ў Канаду, другі — ва Ўкраіну.
Яраслаў Раманчук: “Паедзем у Канаду рабіць мост у "Вялікую дваццатку", а потым паедзем наконт такога ж моста размаўляць з Украінай”.
Наведае Раманчук і Маскву. Але надаваць такому візіту вагу палітычнага прыярытэту ён не хоча.
Бізнесмен Віктар Цярэшчанка заявіў, што сядзе ў самалёт і ў рамках аднаго візіту наведае і Маскву, і Брусель. Але Масква ўсё ж будзе першай.
Віктар Цярэшчанка: “Гэта
будзе візіт у Маскву, а потым у Брусель. Сумесныя прапановы, якія ёсць
паміж Беларуссю, Расіяй і Еўрасаюзам, — гэта галоўныя пытанні, якія
трэба вырашаць”.
А прэтэндэнта ў прэзідэнты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага найперш цікавяць не Масква ці Брусель, а Вільня і Кіеў. Менавіта туды ён і накіруецца спярша.
Віталь Рымашэўскі: “Гэта
будзе адна з суседніх краін, якая знаходзіцца на поўначы альбо на
поўдні, — Украіна або Літва. Гэта нашыя суседзі, і нас звязвае і
гістарычнае мінулае, і гістарычная будучыня. Я лічу, што трывалая,
устойлівая будучыня — у добрых стасунках з блізкімі суседзямі”.
Ніводны з прапанаваных карэспандэнтам Еўрарадыё накірункаў першага візіту не ўразіў і Алеся Міхалевіча.
Алесь Міхалевіч: “Мне б хацелася, каб гэта была Прага. Як краіна, якая робіць для Беларусі вельмі шмат”.
Паводле яго словаў, першы візіт новаабранага прэзідэнта не абавязкова павінен быць у тую краіну, дзе робіцца сусветная палітыка.
Фота: Змітра Лукашука