Якія татухі цяпер модныя ў Беларусі?

Якія татуіроўкі робяць беларускія музыкі?

Даўно мінулі часы, калі татуіроўкі рабілі выключна ў войску ці за кратамі і сімвалізавалі яны прыналежнасць да пэўнай касты ці вайсковай часткі. Перасталі быць папулярнымі кельтскія ўзоры вакол рукі, трайблы, абстракцыі ды сімвалы індзейцаў майя. Што модна “набіваць” цяпер?

Моладзь прагне больш складаных малюнкаў, а беларусы яшчэ і шукаюць нацыянальных рысаў.

“Беларуская культура амаль пад забаронай, я так лічу. А таму людзі, каб хоць неяк акрэсліць сваю прыналежнасць да Беларусі, робяць татуіроўкі звяртаючыся, так бы мовіць, да продкаў, — тлумачыць папулярнасць арнаментальнай татуіроўкі Алесь Таболіч, лідар гурта Znich і, па сумяшчальніцтве, майстар з аднаго з мінскіх тату-салонаў. — Паціху-патроху гэты рух робіцца папулярным. І ўжо цяпер можна казаць пра сотні татуіровак, звязаных з беларускай тэматыкай”.

Сам Таболіч зрабіў не менш за 20 беларускіх арнаментальных татушак. Майстар з жартам адзначае, што хутка на папулярных курортах беларусы будуць пазнаваць адзін аднаго менавіта па малюнках на целе. Нават папулярныя на Захадзе туту-надпісы ў нас робяць на мове і з нацыянальным падтэкстам.

“Прыходзіць мужык, будаўнік, і кажа: з’язджаю ў Маскву працаваць, і жыць там застануся, хачу што-небудзь на памяць пакінуць, — распавядае з усмешкай Алесь. — Зрабі мне на ўсю спіну надпіс “Зроблена ў Беларусі”. Я, натуральна, зрабіў вялікім рваным шрыфтам, і ён, шчаслівы, з’ехаў. Але часцей робяць радкі з вершаў ці цытаты з твораў беларускіх класікаў”.

Агулам, беларускія татухі Таболіч падзяляе на арнаментальныя (пакуль самыя папулярныя), геральдычныя (ад “Пагоні” і гербаў Радзівілаў да ўласных радавых), надпісы ды розныя стылізацыі літаратурнага характару.

“Распачаў гэта ўсё мастак Алесь Пушкін. Ён зрабіў для сябе эскізы, якія пасля былі выкарыстаныя на целе, — працягвае Таболіч. — Напрыклад, Алесь Бяляцкі зрабіў сабе татуіроўку па эскізе Пушкіна — так бы мовіць, сюр паводле твораў Уладзіміра Караткевіча. Татуіроўка сёння — гэта адзін з відаў выяўленчага мастацтва. Такія бываюць шызоідныя малюнкі, што дзяўбанешся!”

Цяпер Алесь Таболіч працуе над кнігай, дзе будуць сабраныя эскізы татуіровак з беларускім кантэкстам. Таксама ён плануе распісаць тлумачэнні нацыянальных сімвалаў ды арнаментаў, каб кожны мог выбраць менавіта тое, што яму падыходзіць.

Старонкі з кнігі "Беларускі арнамент" Кацара М.С.

Праўда, захапленне “нацыянальнымі” татуіроўкамі пакуль ахапіла толькі Мінск. У рэгіёнах вымалёўваецца зусім іншая тэндэнцыя.

“Агульнаславянская тэматыка больш папулярная, — каментуе адзін са знакамітых татуіроўшчыкаў Гомеля, які папрасіў Еўрарадыё не называць сябе. — А вось менавіта беларускіх татушак не шмат, вельмі рэдка просяць. Найбольш папулярныя Old School (класічныя байкерскія і рокерскія татухі) ды “Чыкана” — татуіроўкі з мексіканскай тэматыкай”.

Эскізы татуіровак "чыкана"

У Мінску сярод самых папулярных сучасных татуіровак Алесь Таболіч таксама называе Old School. Гэтая хваля захлынула ўвесь свет!

“Да мяне днямі прыходзіла дзяўчына, якая рабіла ўсе свае татухі ў Англіі, — прыводзіць прыклад Таболіч. — Дык вось, усё тое, што папулярна ў іх, цяпер папулярна і ў нас. У асноўным, гэта ружы, кветкі з чарапамі, з пісталетамі і г.д. То бок мы не адстаём, як заўжды, а магчыма, нават, крыху апярэджваем”.

"олдскульныя" татушкі

Дарэчы, з нядаўняга часу татушкі з нацыянальным падтэкстам пачалі з’яўляцца ў суседніх з намі краінах. Так што чакаем, што беларускі арнамент хутка стане такім жа папулярным, як і іерогліфы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі