Якую музыку слухаюць людзі, якія паслалі на "Еўрабачанне" Юзары і Маймуну

Прашу Эдуарда Зарыцкага, удзельніка журы адбору прадстаўніка Беларусі на “Еўрабачанне-2015” нагадаць, каму ён паставіў найвышэйшы бал. “Я паставіў, паставіў, паставіў… Гюнэш”, — успамінае кампазітар, быццам гартаючы старонкі ў нататніка з імёнамі пераможцаў конкурсаў, у якіх “журыў” апошнім часам. “Я сяджу ў вельмі шматлікіх журы і прыкладна ўяўляю, што гэта мусіць быць”, — тлумачыць Еўрарадыё свае крытэрыі Зарыцкі.


Прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні" будзе дуэт Юзары і Маймуна. Праўда, меркаванне журы зусім не супала з глядацкім: беларусы абралі брэсцкіх фрыкаў Muzzart. Увогуле, галасы гледачоў практычна не ўплывалі на выніковую карціну, пераважалі адзнакі сямі сяброў журы.


Напрыклад, шоўмэн Дзмітрый Новік перадусім ставіць на песню: галоўнае, каб яна проста запаміналася на слых. А журналіст Сяргей Андрыянаў адразу ўяўляў сабе, як будзе піярыць артыста:


"У галаве праглядаў магчымасць піяру таго ці іншага фіналіста. Таму і паставіў 12 балаў Гюнэш, гатовай артыстцы, у якой ёсць вялікая гісторыя ўдзелу ў адбору, прызавое месца ў адборы на Türkvizyon, і да таго ж, у выпадку перамогі яе гатовы быў падтрымаць маральна і, не выключана, матэрыяльна зяць прэзідэнта Азербайджана, музыка Эміль Агалараў".


Каб зразумець, ці сапраўды беларускае журы “сячэ” ў “Еўрабачанні”, мы запыталіся пра самыя яскравыя на іх думку нумары конкурсу ў апошнія гады. Сяргей Андрыянаў называе безліч выканаўцаў і нават напявае некалькі песень, якія не перамаглі, але выглядалі прыстойна.


“Безумоўна, песня Канчыты Вурст — шыкоўная, — працягвае Сяргей. — Я не выключаю, што па папулярнасці і па маштабнасці Канчыта можа пераплюнуць легендарных ABBA”.


Вядучы вяселляў і тэлешоў Дзмітрый Новік не лічыць сябе фанатам “Еўрабачання”, таму ўзгадвае толькі песні Дзімы Білана, Аляксандра Рыбака і “Буранаўскіх бабуль”, якія “жылі пасля конкурсу”. А вось Эдуард Зарыцкі ўвогуле не называе імёнаў:


“Мне, дарэчы, часта падабаюцца не песні-пераможцы, а тыя, якія занялі, другое, трэцяе, пятае месцы. Менавіта песні, якія граматна зробленыя, можа, не заўсёды ўдала спетыя, ёсць там вельмі добрыя і класныя”.


Эксперт па “Еўрабачанні”, міжнародны музычны крытык Андрэй Міхееў лічыць самым вялікім хітоў “Еўрабачання” апошніх гадоў "Euphoria" Ларын:


“Пра песні мінулых двух пераможцаў Эмілі дэ Форэст і Канчыты Вурст сказаць, што гэта вялікія хіты — немагчыма. А дагэтуль быў сам Рыбак. То бок, да яго песні і нумара пытанняў ніякіх не было. Там было ўсё гатова".


Што тычыцца ўласных музычных прыхільнасцяў журы, то яны асабліва нічым не здзіўляюць. Сяргей Андрыянаў аддае перавагу папулярнай музыцы кшталту Мадонны, Джэніфер Лопес і Робі Уільямса. Эдуард Зарыцкі слухае “абсалютна ўсё”. Ад рускага року да джазу — дыяпазон густаў Дзмітрыя Новіка. Прынамсі, на Каляды ў Дзмітрыя грае Майкл Бубле і яго альбом "Christmas". А вось густы Андрэя Міхеева больш адрозніваюцца ад фармату “Еўрабачання”.


“Музыка, якую слухаю асабіста я, гэта ўсё-такі рок-музыка, — прызнаецца Андрэй. — Мне падабаецца Нікалас Лептас, калі хто-небудзь такога ведае, галандскі гурт Bløf, брытнскія прог-рокеры Arena, Scorpions. З беларускіх гуртоў мне імпануюць Аляксандр Патліс і гурт "Новы Іерусалім"".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі