Ян Марынус Віерсма: Шмат хто пераацэньвае жаданне Лукашэнкі да зменаў

Ні па якой краіне не прымаецца столькі рэзалюцыяў, як па Беларусі. І гэта добры знак, лічыць каардынатар праграм прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне Давід Стулік. У размове з Еўрарадыё ён зазначыў, што прынятая сёння ў Еўрапарламенце рэзалюцыя па Беларусі азначае, што Еўропа зацікаўленая ў развіцці адносінаў з нашай краінай.

Давід Стулік:
“Гэта паказвае, што Еўрапейскі парламент — адзіны выбраны дэмакратычны орган, якія прадстаўляе грамадзянаў ЕС — вось гэтымі пытаннямі займаецца. Мне здаецца, больш ні па якой краіне не прымаецца столькі рэзалюцыяў, як па Беларусі. Гэта таксама важна, таму што паказвае, што дэпутаты прыглядаюцца, сочаць за сітуацыяй. Яны неабыякавыя і зацікаўленыя, і хочуць, каб гэтыя адносіны развіваліся. Так што гэта добры знак”.

Нагадаем, 2 красавіка Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі. У ёй еўрадэпутаты выказваюць спадзяванне на істотны прагрэс цягам 9-месячнага падаўжэння мараторыю на візавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Еўрапарламент чакае ад афіцыйнага Мінска шэраг дэмакратычных рэформаў.

Зацікаўленасць у Беларусі вызначаецца не толькі колькасцю рэзалюцыяў, лічыць галандскі еўрадэпутат Ян Марынус Віерсма, але, да прыкладу, і колькасцю прэміяў Еўрасаюза, выдадзеных беларусам. Спадар Віерсма адзначыў, што Еўрасаюз уважліва сочыць за Беларуссю.

Ян Марынус Віерсма: “Трэба нагадаць, што Еўрапарламент заўсёды вельмі ўважліва сачыў за падзеямі ў Беларусі. І мы заўсёды падтрымлівалі беларускую апазіцыю. Два разы прэмія Сахарава ўручалася прадстаўніку Беларусі”.

Але нягледзячы на гэтыя пазітыўныя крокі, а таксама на тое, што Беларусь ужо афіцыйна ўключаная ў праграму “Ўсходняе партнёрства”, Ян Марынус Віерсма мяркуе, што ўдзел нашай краіны ў праграме ўсё яшчэ застаецца пад пытаннем.

Галандскі еўрадэпутат лічыць, што жаданне Лукашэнкі да зменаў пакуль пераацэньваецца.

Ян Марынус Віерсма: “Мяркую, прапанова Еўрапейскага саюза Беларусі можа быць сур’ёзнай. Але шмат чаго павінна змяніцца перад тым, як Беларусь зможа далучыцца да “Ўсходняга партнёрства”. Я не думаю, што гэта вельмі рэальна. Людзі пераацэньваюць жаданне Лукашэнкі да зменаў. І я думаю, будзе не вельмі правільна прапаноўваць Беларусі “Ўсходняе партнёрства”.

Пярэчыць яму Давід Стулік, які настойвае на тым, што Беларусь ужо мае аднолькавыя правы, як і ўсе астатнія шэсць краінаў-удзельніцаў праграмы “Ўсходняе партнёрства”.

Давід Стулік: “Афіцыйна Беларусь уключаная ва "Ўсходняе партнёрства". Гэта было афіцыйна пацверджана. У гэтых выніках няма ніякай агаворкі. Зараз яна на поўных роўных правах з іншымі краінамі-членамі”.

Бадай, самым інтрыгуючым пытаннем “Усходняга партнёрства” застаецца ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў саміце 7 траўня ў Празе. Спадар Стулік лічыць, што Лукашэнку самому выгадна не паехаць у Чэхію.

Давід Стулік:
“Думаю, што ён не паедзе ў Прагу. Мне здаецца, прэзідэнту выгадна туды не паехаць. А замест сябе даслаць туды ці Мартынава, ці Сідорскага. Маё ўражанне апошнія тыдні, дні — што ён сам не хоча туды паехаць. Хаця ён хоча атрымаць запрашэнне. Мне здаецца, гэта выгадна абодвум бакам”.

Хутчэй за ўсё, зазначыў каардынатар Праграм прэсы і інфармацыі прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Ўкраіне, Лукашэнка атрымае запрашэнне.

Намёк прэзідэнт Беларусі ўжо атрымаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі