"Яны ляжаць у рэанімацыі на вентыляцыі лёгкіх і ў непрытомнасці"

7 пацярпелых у выніку выбуху і пажару ў Пінску перавезлі ў аддзяленне апёкавай рэанімацыі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Яшчэ пецярых — у Брэсцкую абласную лякарню. На дадзены момант шпіталізаваныя 18 чалавек, з іх 14 — у рэанімацыях розных гарадоў з моцнымі апёкамі. Адзін з пацыентаў сканаў ўначы ў рэанімацыі гарадской лякарні Пінска. Гэта трэцяя ахвяра надзвычайнага здарэння, якое адбылося 25 кастрычніка.

Як паведаміў галоўны лекар Мінскай гарадской лякарні хуткай дапамогі Віктар Сірэнка, ніякіх каментароў аб стане пацярпелых медыкі не даюць. Маўляў, няма адпаведнага дазволу ад Міністэрства аховы здароўя. Сірэнка адзначыў, што ўжо адмовіў у каментарах дзяржаўным тэлеканалам. Тое ж заявіла і загадчыца аддзялення рэанімацыі і тэрапіі для апёкавых хворых Ларыса Залатухіна.



У фае шпіталя карэспандэнт Еўрарадыё сустрэў сваячку аднаго з пацярпелых. Ніна Васільеўна жыве ў Мінску і прыехала наведаць мужа яе роднай сястры. Але ні пабачыць Мікалая, ні нешта яму перадаць ёй не дазволілі: пацыенты ляжаць у рэанімацыі. І, паводле яе словаў, знаходзяцца у цяжкім стане.

Ніна Васільеўна: “Мяне туды не пусцілі. Толькі загадчыца аддзялення і доктар, які яго лечыць, сказалі мне, што ў цяжкім стане. І ўсё. Але ж гэта зразумела — у рэанімацыі людзі. Хто ж туды пусціць? Яны ляжаць на вентыляцыі лёгкіх і ў непрытомнасці”.

Згодна са словамі жанчыны, Мікалай працаваў на "Пінскдрэве" шмат гадоў. Праца з ліку шкодных. Але тое, што можа здарыцца такая трагедыя, ніхто не мог і прадбачыць.

Ніна Васільеўна: “Хто яго ведае, як гэта адбылося. Рознае здараецца ў жыцці… Будзем спадзявацца на лепшае, зразумела”.

Як паведаміў кіраўнік прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, меркаванай прычынай пажару на дрэваапрацоўчай фабрыцы ў Пінску стаў выбух адкладаў драўнянага пылу. Ён адбыўся з-за парушэння правілаў эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул.

Віталь Навіцкі: “На месцы цяпер працуюць спецыялісты. Яны правялі першасны агляд будынка. Ён прызнаны аварыйным. У гэтыя хвіліны здымаюцца пліты аварыйнага будынка і будзе праводзіцца далейшае абследаванне. Але адна з першых версій, якую прапанавалі з нагоды меркаванай прычыны здарэння, — гэта выбух адкладаў драўнянага пылу. А гэтыя адклады назбіраліся ў выніку парушэнняў рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул”.

У момант трагедыі ў памяшканні працавалі 29 чалавек, двое з іх загінулі адразу. Пажар на плошчы ў сто квадратных метраў гасілі 19 разлікаў ратавальнікаў.

Як стала вядома Еўрарадыё, грашовыя выплаты пацярпелым ужо пачаліся. Пра гэта паведаміла камерцыйны дырэктар "Пінскдрэва".

Камерцыйны дырэктар:
"Гэтыя выплаты ўжо зробленыя, па-першае. Выплаты абавязковыя, і пахаванне будзе за кошт прадпрыемства, падтрымка будзе. Напэўна, няма такога прадпрыемства, якое б гэта не зрабіла".

Дапамогу прызначаў фінансавы дырэктар, таму пакуль не вядома, якія сумы будуць выплачаныя. Паводле непацверджанай інфармацыі, яны могуць скласці каля 3 тысяч долараў. Уся падрабязная інфармацыя павінна з'явіцца на сайце "Пінскдрэва", паведамілі Еўрарадыё на прадпрыемстве.

Нагадаем, што выбух на фабрыцы "Пінскдрэў" адбыўся 25 кастрычніка. А сёння ўначы загарэліся драўляныя адкіды на прадпрыемстве "Мінскдрэў". Плошча пажару склала 200 квадратных метраў. Прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі кажа, што агонь пашкодзіў адкіды піламатэрыялаў і канструкцыю навеса, дзе яны знаходзіліся.

Віталь Навіцкі: "На вуліцы Сацыялістычнай адбылося гарэнне драўляных адкідаў і драўлянага памосту пад металічным навесам. Пацярпелых няма, прычыны пажару вызначаюцца".

Гэты пажар на буйным дрэваапрацоўчым прадпрыемстве стаў другім за суткі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі