Японскі яшчар і звар'яцелыя "янкі". Шэсць яскравых фільмаў пра ядзерны апакаліпс
Кіно пра ядзерны апакаліпсіс / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі і будаўніцтва пад яе адмысловага сховішча запусціла ў грамадскай прасторы новую хвалю трывогі. Як бы там далей не развіваліся падзеі, эскалацыя вайны ва Украіне праз зброю масавага паражэння нічога добрага беларусам не нясе. І калі вы гэта на гэта забыліся, то сусветны кінематограф добра зафіксаваў калектыўны неўроз цэлых пакаленняў, якія жылі падчас Халоднай вайны.
Еўрарадыё ўзгадвае шэсць фільмаў пра ядзерны апакаліпсіс і яго наступствы.
Гадзіла \ Gojira
Рэж. Ішыра Хонда, Японія, 1954 год
Знакамітага гіганцкага яшчара, які звыкла руйнуе і паліць сваім вогненным дыханнем гарады, зараз больш ведаюць праз бязглуздыя амерыканскія блакбастары. Але класічны японскі фільм Ішыра Хонды быў значна глыбейшы за просты атракцыён. Праз метафару японскія аўтары рэфлексавалі пра ядзернае бамбаванне краіны падчас Другой сусветнай вайны.
У канчатковым выніку, першая “Гадзіла” выступае ў якасці папярэджання аб наступствах вайны і ядзерных выпрабаванняў, акцэнтуючы увагу на разбуральнай моцы тэхналагічных інавацый. Бачачы абуджаную ад сну Гадзілу, варта трымаць у галаве гісторыю зруйнавання гарадоў Хірасімы і Нагасакі, якія пацярпелі праз немагчымасць перамоў Японскай імперыі з кіраўніцтвам ЗША і яго хаўруснікаў.
Ніці \ Threads
Рэж. Мік Джэксан, Велікабрытанія, 1984 год
Ядзерная вайна паміж Савецкім Саюзам і ЗША кідае брытанскі горад Шэфілд у хаос. Цяжарная жанчына па імені Рут разлучаецца са сваім каханым Джымі праз наступствы катастрофы і мусіць змагацца за выжыванне ў постапакаліптычным свеце, дзе ежа стала адзінай каштоўнасцю і прычынай шматлікіх канфліктаў.
Большасць антыўтапічных фільмаў пра ядзерную вайну маюць змрочны тон, але “Ніці” ідуць ва-банк. Аўтары паказваюць жахлівую сутнасць ядзернай вайны, падкрэсліваючы, што ніхто не выйграе, калі справа дойдзе да такой трагедыі. З самага пачатку і да самага душэўнага канца “Ніці” выглядаюць бязлітасна жудаснымі.
Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў атамную бомбу \ Dr. Strangelove or: How I Learned to Stop Worrying and Love the Bomb
Рэж. Стэнлі Кубрык, ЗША, 1963
У працэсе падрыхтоўкі да экранізацыі рамана Пітэра Джорджа "Чырвоная трывога" рэжысер Стэнлі Кубрык заўважыў цікавую акалічнасць – дактрына узаемнага гарантаванага знішчэння, якая утрымлівае мір паміж камуністычным Усходам і капіталістычным Захадам, мела назву mutually assured destruction ці проста MAD (“вар’яцкі” у перакладзе). Натхнёны такім чорным гумарам, ён ператварыў матэрыял для вайсковага трылера у сапраўдную камедыю кашмару.
Даследуючы патэнцыял абранага жанру, Кубрык дадае у фільм пра пачатак Трэцяй сусветнай вайны прыколы, фарс і вельмі яскравую імправізацыю (асабліва ад актора Пітэра Селерса, які тут грае адразу тры ролі). Аднак галоўным чынам у супрацьстаянні дзвюх напалоханых пагрозай знічшэння ядзерных імперый аўтар бачыць магутную метафару мужчынскага сэксуальнага напружання і нерэалізаванасці, якую увасабляюць мачо-генералы, як Бак Цёрджыдсан і Джэк Д. Рыпер. Яны расчараваныя бяздзейнасцю сваіх баязлівых урадаў і стратай сутнасці жыцця, для чаго і распачынаюць абсурдны канфлікт, які скончыцца далёка не смешнай катастрофай.
Калі дзьме вецер \ When the Wind Blows
Рэж. Джымі Ці. Муракамі, Велікабрытанія, 1986 год
Анімацыйны фільм-катастрофа "Калі дзьме вецер" распавядае пра пажылую пару — Джыма і Хільду Блогс. І пра іх жыццё да, падчас і пасля ядзернай вайны. Наіўнасць герояў робіць іх недастаткова падрыхтаванымі да ядзернай атакі, што прывядзе да разбуральных наступстваў.
Нягледзячы на анімацыйны характар фільма, аўтары транслююць эмоцыі немаладых герояў на працягу ўсяго нападу вельмі кранальна і блізка. Ад адчайнай барацьбы Джыма за пошук ежы да бесперспектыўнай спробы вярнуцца да нармальнага жыцця пасля кашмару, які адбыўся. Пасля такога думкі пра “можам паўтарыць” дакладна не ўзнікне.
На беразе \ On the Beach
Рэж. Стэнлі Крамер, ЗША, 1959
Фільм "На беразе", заснаваны на аднайменным рамане Нэвіла Шута, паказвае наступствы ядзернай вайны, якая знішчыла большую частку чалавецтва. Ядзерныя ападкі павольна дабіраюцца да Аўстраліі, адзінай, якая засталася, бяспечнай гавані. Паколькі знішчэнне ўсяго жывога становіцца непазбежным, тыя, хто яшчэ жывы, шануюць свае апошнія моманты на зямлі па-рознаму.
Павольнае разгаранне блізкай трагедыі робіць гэты постапакаліптычны рэтра-фільм эмацыйным падарожжам, калі гледачы назіраюць, як некаторыя героі знаходзяць каханне сярод катастрофы, а іншыя здзяйсняюць мару даўжынёй у жыццё, перш чым зрабіць апошні ўдых. Паколькі цэнтральнай тэмай з'яўляецца канец свету, у гэтых гісторый шчаслівых канцоў, нажаль, няма і быць не можа.
Ваенная гульня \ The War Game
Рэж. Пітэр Уоткінс, Велікабрытанія, 1966
Нягледзячы на тое, што бразганне амерыканскай і савецкай ядзернай зброяй пасля кубінскага ядзернага крызісу пачало нарастаць, фільм Пітэра Уоткінса "Ваенная гульня" апынуўся настолькі праўдзівым, што яго амаль адразу забаранілі паказваць на брытанскім тэлебачанні. Зробленая ў характэрным для Уоткінса псеўдадакументальным стылі стужка пераносіць гледача ў прыгарад Кента, дзе атамныя выбухі, буры і радыеактыўныя ападкі наносяць неверагодныя страты зямлі і чалавечаму арганізму.
Фільм настолькі падставіў пад сумнеў план ядзернай грамадзянскай абароны Вялікабрытаніі сярэдзіны 1960-х гадоў, што ўрад Гаральда Вільсана аказаў ціск на BBC, каб адмяніць яго паказы. Нягледзячы на ўзнагароды "Оскар" і BAFTA, фільм Уоткінса, які лічыўся "занадта жахлівым для сродкаў масавай інфармацыі", трапіў на тэлеэкраны толькі ў 1985 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.