Ярмоленка: “У параўнанні з Агурбаш Аляхно выступіў на Еўрабачанні годна”

Прадстаўнік Беларусі на конкурсе “Еўрабачанне-2008” Руслан Аляхно не прайшоў у фінал. Сябра журы адборачнага туру на конкурс, адзіны, хто быў супраць таго, каб ў Бялград паехаў менавіта Аляхно, лідэр ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка расказаў Еўрарадыё пра несумяшчальнасць скокаў на шарах і спеваў, назваў Аляхно клонам Білана, параіў адмовіцца ад “саўковасці”, узгадаў пра адсутнасць нацыянальнай свядомасці і параўнаў выступы на Еўрабачанні Аляхно і Агурбаш. Еўрарадыё: “Анатоль Іванавіч, вы не толькі былі сябрам журы адборачнага тура, але і маеце багаты прафесійны вопыт спевака і выкладчыка па вакале. Як вы ацэньваеце выступ Руслана Аляхно як вакаліста?”

Анатоль Ярмоленка:
“Па шчырасці, там вельмі шмат выканаўцаў выступілі не надта “чыста”. Я не магу сказаць, што гэта ў яго было горшае выкананне, чым магло быць. Калі яго праглядалі як прэтэндэнта, ён выступіў горш. Зараз ён лепш выступіў, але хваляванне было. Там стратэгічная памылка ім была зробленая, бо ён спяваў у неадпаведнай яму манеры, ён быў неарганічны. І яму трэба было кантраляваць тое, што ён робіць, у той момант, калі спявае. А ён быў на шарах, скакаў, і яму трэба было звяртаць увагу на тое, каб на іх утрымацца. Але сказаць, што ён выступіў зусім дрэнна, не магу і не буду. Таму, што я маю на гэта права – я быў адзіны з тых, хто раіў паехаць іншым выканаўцам: Light Sound альбо Гюнеш. Таму, што тады ён выглядаў не лепшым чынам. Ён вырас, працаваў над сабой у гэтым сэнсе, і выглядаў, з большага, нармальна. Яшчэ адна памылка была ў тым, што яго зрабілі пад штамп Білана. А дваіх Біланаў, мне падаецца, Еўрабачанне не вытрымае. Таму і атрымалася, што ён не выйшаў. А выступіў ён, гледзячы на астатніх прэтэндэнтаў, ну, так… У 10-ку мог трапіць, такое магло быць”.

Еўрарадыё: “Атрымліваецца, што менавіта гэтая, як вы сказалі, “неадпаведная манера”, а не тое, што ён не трапляў у ноты, не дазволіла яму патрапіць у 10-ку?”

Анатоль Ярмоленка:
“Так, мне падаецца, што гэта перш за ўсё. Калі б ён арганічна выступіў у сваёй манеры. І я яшчэ на адборы казаў яму змяніць песню таму, што яго сутнасць іншая. Ён просты хлопец, нармальны. Трэба было зрабіць яму такую песню жартоўную, на беларускай мове. А ўсім прадзюсерам, хто там яны ў яго, захацелася зрабіць з яго такога “фірмача”. Яго пастрыглі і змянілі імідж, але выканаўца і яго манеры засталіся тыя ж самыя. Ён змог крыху ўвайсці ў новы вобраз і не зусім згубіўся. Я думаў, што ён зусім разгубіцца і цалкам забудзецца на ўсё тое, што прыдбаў за час падрыхтоўкі. Было відаць, што ён стараецца. Я глядзеў Білана ў першы дзень, пра якога столькі было размоў, а што ў таго? Толькі вочы вылупленыя і таўкуцца на тым пятачку з астатнімі ўдзельнікамі неяк бессэнсоўна. Уражання не пакінуў”.

Еўрарадыё: “Шмат размоў даўно чуваць аб мэтазгоднасці ўдзелу Беларусі ў гэтым конкурсе, на які траціцца шмат грошай, а выніку ніякага. За сваё творчае жыццё вы пабачылі шмат конкурсаў. Скажыце – яно нам патрэбна?”

Анатоль Ярмоленка:
“Я б так не ставіў пытанне, але мы, сапраўды, ставімся да гэтага конкурсу як да Алімпіяды. Гэта камерцыйны конкурс. Канешне, ён прапіяраны, канешне, раскручаны. Мы прызвычаіліся да яго, але так пакуль не вызначыліся, як да яго ставіцца – як да шоў, ці як да конкурсу выканаўцаў, ці як да конкурсу песні, ці як да такой вось “фішкі”. Калі ў нас ёсць грошы – можна прымаць у ім удзел, калі няма – можна не прымаць. Канешне, выканаўца хоча ўдзельнічаць, але конкурс камерцыйны, і не трэба ім займацца на дзяржаўным узроўні. Але ставіць так, каб уся краіна на яго працавала і ўсё тэлебачанне, я не думаю, што да гэтага так трэба ставіцца. Вучыцца нам перамагаць неабходна на любых конкурсах. Мы ў цэнтры Еўропы, і калі ёсць такі конкурс – “Еўрабачанне” – мы павінны прымаць у ім удзел і навучыцца, нарэшце, выйграваць”.

Еўрарадыё: “Большасць удзельнікаў “Еўрабачання” стараюцца, каб у іх выступе прысутнічаў нейкі нацыянальны каларыт. Можа праблема з перамогамі на гэтым конкурсе ў беларускіх прадстаўнікоў вынікае з адсутнасці ў іх выступах гэтага каларыту?”

Анатоль Ярмоленка:
“Тут трэба, каб усё сумяшчалася. Канешне, не дрэнна было б, каб гэты прыём прымянялі і ў Еўропу неслі беларускую культуру. Каб было відаць, што гэта беларусы. Я ўвогуле хацеў, каб заўсёды спявалі па-беларуску і прапанаваў гэта. А нашы імкнуцца да дрэннай англійскай мовы. І лічыцца, што так трэба. А я так не лічу. Але тут патрэбна, менавіта на гэтым конкурсе, каб прыйшлі маладыя хлопцы, якія выраслі ў іншым асяроддзі, каб адсутнічаў “савок”. Без арыентацыі на пратэст альбо дзяржаўную падтрымку. Мы спадзяваліся, што нам дапамогуць Расія ды іншыя краіны, якія нашых падтрымліваюць, а атрымалася, што нас падзялілі, і нам не хапіла тых 12 балаў, якія б нам паставіла падобная да нас краіна. Мы павінны ісці сваёй дарогай. Набіваць шышкі і вучыцца быць незалежнымі ні ад таго, ні ад другога. Свой павінен быць шоў-бізнес. Магла б “Троіца” выступіць. Нічога падобнага я там не бачыў нават. Але тыя, хто ладзіць гэты конкурс, маюць свае “замарочкі”. Ён падрыхтаваны гэты конкурс, яны разводзяць тых, хто можа адзін аднаго падтрымаць. Карацей, шмат над чым ёсць працаваць”.

Еўрарадыё: “Падчас прамога эфіру пасля выступу Руслан Аляхно сказаў, што, па яго меркаванні, ён годна прадставіў нашу краіну. На вашу думку, такі вось “удалы” выступ сапраўды можна лічыць годным прадстаўленнем нашай краіны?”

Анатоль Ярмоленка: “Відаць, ён хацеў сказаць, што стараўся, і таму годна прадставіў. Насамрэч, годна прадстаўляе той, хто перамагае. Бо там жа нават няма другога месца, там ёсць толькі першае месца пераможцы конкурсу. А яго выступленне можна лічыць няўдалым. Ну, што мы будзем зараз! Там бацькі, сваякі, усе перажываюць, што мы будзем зараз ціснуць на яго і чапляцца да таго, што ён гаворыць?! Ну, ён так сказаў, таму, што так яму патрэбна было сказаць. Не скажа ж ён, што дрэнна выступіў. Адносна самога сябе ён выступіў лепш, чым на тых праслухоўваннях, на якіх ён нам паказваўся. Там больш удала выступалі Light Sound і Гюнеш, больш арганічна. Яго справа так лічыць пра годнасць выступу. І не было такой прыкрасці, калі глядзелі Агурбаш. Таму можна лічыць, што ён выступіў удала ў параўнанні з гэтай спявачкай. Але ўсё ж такі шкада, што ён не прайшоў, бо, скажу яшчэ раз, не самы ён быў горшы ў спісе канкурсантаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі