Ярмошына: аптымальная дата прэзідэнцкіх выбараў — 30 жніўня 2020 года
Лідзія Ярмошына / БЕЛТА
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына назвала аптымальную дату выбараў прэзідэнта, якія запланаваныя на 2020 год. "Прэзідэнцкая кампанія, хутчэй за ўсё, пройдзе ў той тэрмін, які вызначаны Канстытуцыяй. Апошняя магчымая нядзеля — 30 жніўня 2020 года. Я думаю, што гэта з вялікай верагоднасцю і ёсць дата выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — заявіла кіраўніца ЦВК у інтэрв'ю АНТ 4 жніўня.
Ярмошына таксама патлумачыла, чаму не трэба праводзіць прэзідэнцкія выбары вясной 2020 года. "У нас толькі выбары [парламенцкія. — Еўрарадыё] пройдуць у лістападзе, а ў снежні толькі парламент новы сфармуем. Таму праз тры месяцы ўжо, значыць, трэба прызначаць прэзідэнцкія выбары. А для чаго мы тады пераносілі гэтыя [выбары]?" — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Як паведамляла Еўрарадыё, парламенцкія выбары прызначылі на 17 лістапада 2019 года. Яны пройдуць за 10 месяцаў да заканчэння тэрміну працы Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання. Тым не менш Ярмошына заяўляла, што не лічыць іх датэрміновымі.