Ярмошына: Гэта самыя дэмакратычныя і празрыстыя выбары з 2000 года

Ярмошына: Гэта самыя дэмакратычныя і празрыстыя выбары з 2000 года

Парламенцкія выбары ў Беларусі праходзяць "празрыста, дэмакратычна і актыўна". Такое меркаванне выказала журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна датэрмінова прагаласавала на 511-м участку Старавіленскай акругі №105 Мінска, інфармуе БелаПАН.

Чыноўніца дала высокую ацэнку сёлетнім выбарам: "Я б іх назвала самымі актыўнымі і дэмакратычнымі з парламенцкіх з 2000 года".

Каментуючы высокую яўку выбарцаў у першы дзень датэрміновага галасавання, Ярмошына назвала яе традыцыйнай з'явай для Беларусі. Па яе словах, ніводнай скаргі ад выбарцаў не было.

Пракаментавала старшыня ЦВК і заявы незалежных назіральнікаў пра тое, што студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова. Па словах Ярмошынай, фактаў прымусу да галасавання няма — ёсць проста актыўнае галасаванне.

Пра свой голас на выбарах яна сказала, што аддала яго за таго, хто "ўжо чагосьці дабіўся ў жыцці — вядомасці, вялікага капіталу, цудоўнай адукацыі". Ярмошына дадала, што прагаласавала за чалавека, якога добра ведае.

Па Старавіленскай акрузе № 105 балатуюцца шэсць кандыдатаў: Кірыл Герасімаў — загадчык аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна Мінска, сябра Камуністычнай партыі Беларусі; Ірына Дарафеева — загадчыца кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаная артыстка Беларусі; Андрэй Козік — старшыня Асацыяцыі даследчыкаў міжнароднага права і арбітражу; Уладзімір Падгол — пенсіянер, сябра Партыі БНФ; Віктар Цярэшчанка — старшыня савета дырэктараў ТАА "ГрандКалендула"; Алег Часалаў — намеснік гендырэктара ТАА "СМУ-215", намеснік дырэктара ТАА "Форт спорт".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі