Yellow Brick Road паказалі сваё рок-н-рольнае шоў: гэта адчуваецца на ўзроў

У пятніцу вечарам іх шоў здзівіла не толькі публіку, але і дасведчаных супрацоўнікаў сталічнага клуба "Рэактар".

Як і абяцалі ў інтэрв'ю Еўрарадыё, Yellow Brick Road закацілі сапраўдны рок-канцэрт з усімі атрыбутамі: шквалам гука, святла і дзявочым віскам пад сцэнай. Але, нягледзячы на усе "цуды", рэакцыя слухачоў аказалася неадназначнай. Некаторыя абазнаныя меламаны сыходзілі на самым пачатку канцэрта, калегі-музыкі упарта параўноўвалі канцэрт з выступамі The Toobes, а слухачы скакалі, крычалі, хадзілі на галовах і прызнаваліся адно адному, што "А-а-а, Маш, так афігенна я даўно не адрывалася!"

Тым часам Еўрарадыё таксама "адаравалася", падслухала водгукі  публікі і пракралася за сцэну, каб зірнуць на "адваротны бок" рок-н-ролу Yellow Brick Road.

Шоў было прымеркаванае да прэзентацыі альбома "Honeymoon". Са сцэны хлопцы паведамілі, што гэтым канцэртам яны закрываюць свой тур, падчас якога далі дваццаць канцэртаў у розных еўрапейскіх краінах.

Акрамя мядовага, шоў атрымала прысмак гангцерскіх 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў  ЗША, алюзію на якія Yellow Brick Road ужылі ў сваім кліпе на песню "30's". У стварэнні антуражу дапамагалі, наколькі мы зразумелі, духавая секцыя і адпаведныя касцюмы музыкаў.

Пільныя аматары маладых і перспектыўных беларускіх гуртоў адразу ж узгадалі мінулагодніх дэбютантаў The Toobes і заўважылі: пачынаць заваёўваць аўдыторыю ў аднолькавых штанах - гэта да поспеху.

На канцэрце да чатырох удзельнікаў гурта далучыліся духавая секцыя, клавішнік і дзяўчына-вакалістка. Але часам дадатковыя ўдзельнікі падаваліся лішнімі, бо Yellow Brick Road моцна трымалі залу і "асноўным складам".

Як высветлілася, у зале было шмат сяброў музыкаў, якія не прапускаюць ні аднаго іх канцэрта і пільна адсочваюць творчую біяграфію. Хлопцы у майках з выявамі "Мядовага месяца" захлынаючыся эмоцыямі, расхвалілі канцэрт і нават паспелі расказаць усю гісторыю гурта, адзначыўшы, што былі прыхільнікамі яшчэ гурта Пнеўманія, у якім гралі басіст і бубнач цяперашніх Yellow Brick Road:

"Мы атрымалі шмат эмоцый! Даўно не былі на такім добрым канцэрце! Гэта лепшае, што было за апошнія паўгода. Было вельмі клёва. Гэта адзін з двух лепшых гуртоў ў гэтым стылі ў Беларусі. (Другі - The Toobes, відавочна). Дарэчы, хацеў бы абвергнуць адно інтэрв'ю. Нібыта, Дзіма (басіст) сказаў, што The Toobes здаюць пазіцыі, што іх альбом не будзе прадавацца. Насамрэч, ён казаў не так. Yellow Brick Road сябруюць з The Toobes".

Ніна Смірнова

Пасля канцэрту музыкі прызналіся, што яны радыя і ўдзячныя кожнаму чалавеку, які прыйшоў на канцэрт:

"Мы не настолькі разбэшчаныя, каб прывызвычайвацца да такіх сітуацый. Нам было вельмі прыемна, што сёння сабралася столькі людзей, яны трымаюць нас. Мы вельмі рады кожнаму канцэрту і кожнаму чалавечку, які прыйшоў".

Як вядома, Yellow Brick Road большасць сваіх канцэртаў граюць за межамі Беларусі, але канцэрт на радзіме быў для іх больш адказным:

"Гэта больш адказна. Звычайна ты разумееш, што адыграеш і ўедзеш адразу з гэтага гораду. Усё, што засталося - засталося там. А тут ты жывеш, і табе з гэтым жыць".

Па меркаванні арт-дырэктара па жывых канцэртах клуба "Рэактар" Максіма Старцава, канцэрты з такім тэхнічным напаўненнем для Мінска - рэдкасць, бо звычайна ўсё абмяжоўваецца трохкутнікам сцэна-музыкі-публіка, а Yellow Brick Road дадалі да гэтага яшчэ спецыяльны гук, свет і незвычайную сцэну:

"Гэта сапраўды цудоўны канцэрт ва ўсіх адносінах. Сапраўдны рок-н-рол, еўрапейскага ўзроўню - так казаць, вядома, дзіўна, але гэта сапраўды так. Яны на галаву вышэй за астатнія гурты. А вось жыўцом - яны удзелваюць усіх у гэтай краіне, я мяркую. Тут мы ўбачылі сапраўдны рок-н-рол, ад якога і вушы не баляць, і паглядзець прыемна. Тое, што гэта будзе сапраўдны канцэрт, адчувалася ўжо на стадыі падрыхтоўкі. Было патрачана столькі сіл, энэргіі і нерваў...Такога не рабілася раней у Беларусі, таму гэта адчуваецца на ўзроўні мышцаў ".

Фота: Яўген Ерчак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі