Юрыстку Нацбанка затрымалі каля "Плошчы Перамен" і звольнілі пасля 15 сутак
Юрыстка Нацбанка Настасся Клешч страціла працу пасля таго, як адбылася 15 сутак паводле славутага ўжо адміністрацыйнага артыкула 23.34 — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Як піша TUT.by, дзяўчына адпрацавала ў Нацбанку толькі 2,5 месяца. За апошнія чатыры месяцы на дзяўчыну двойчы складалі пратакол па артыкуле 23.34 і адзін раз — па 23.4 (непадпарадкаванне пры затрыманні).
Настасся кажа, што першы раз яе аштрафавалі 6 верасня: дзяўчыну сфатаграфавалі на акцыі ў Гродне, куды яна прыязджала на выходныя.
"Другі раз мяне затрымалі 15 лістапада. Я прыйшла на "Плошчу Перамен", прынесла кветкі да народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі. Потым пачула выбухі, вырашыла зайсці ў госці да сяброўкі, якая жыве ў доме побач з плошчай. Мы асабліва не сачылі, што адбывалася ў двары, пілі гарбату. Праз нейкі час да нас у дзверы пагрукалі. Гэта былі сілавікі. Мы адкрылі. Нам сказалі, што мы кідаліся камянямі ў супрацоўнікаў АМАПа. Адказ, што ў нас няма камянёў і вокны выходзяць на іншы бок дома, а не ў двор, іх не пераканаў. Наступнай версіяй было, што мы кідаліся камянямі на вуліцы, а потым забеглі сюды і схаваліся", — распавядае дзяўчына.
Дзяўчат забралі ў РУУС, каб там яны далі тлумачэнні. Па словах Настассі, паколькі ш яе гэта быў другоі прывод, ёй напісалі ў пратаколе "супраціў пры затрыманні".
"У пратаколе было напісана, што я хапалася за форменнае абмундзіраванне людзей, якія мяне затрымлівалі, упіралася нагамі ў зямлю. Гэта пры тым, што мяне затрымалі ў кватэры на 14-м паверсе", —згадвае юрыстка. Дзяўчыне прысудзілі 15 сутак, арышт яна адбывала ў Магілёве.
Па словах Настассі, у ізалятары яна заразілася каранавірусам. Тэст у паліклініцы адразу пасля вызвалення быў станоўчым. На бальнічным дзяўчына была менш за два тыдні. А калі выйшла на парцу, то на сваім працоўным стале пабачыла заяву на звальненне.
"Кіраўнік затэлефанавала і сказала мне, што сёння яны са мной развітаюцца, але я магу выбраць як: будзе звальненне паводле артыкула альбо па ўласным жаданні. Гэта магло быць звальненне за неадпаведнасць займанай пасадзе альбо за здзяйсненне нейкай правіны, ганебныя паводзіны дзяржаўнага службоўца. Таму я вырашыла сысці па ўласным", — кажа юрыстка.
У дадатак да звальнення дзяўчыне трэба шукаць і жыллё: Настасся не мінчанка і жыла ў інтэрнаце з 2015 года па хадайніцтве наймальніка.
У Нацбанку журналістам TUT.by заявілі, што дзяўчына звольнілася па пагадненні бакоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.