З 1 кастрычніка спыняе дзейнасць Ашмянская мытня
З 1 кастрычніка спыняе сваю дзейнасць Ашмянская мытня. Пра гэта яшчэ ў жніўні абвясціў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько. Паводле яго інфармацыі, кіраўнікі з гэтага падраздзялення будуць пераведзеныя ў памежныя пункты мытнага афармлення і ў іншыя аддзелы. За кошт гэтай аптымізацыі будзе ўзмоцненая мяжа. Часткова адбудзецца скарачэнне часткі адміністрацыйнага апарату, які выконваў функцыі кіравання на ашмянскім напрамку, нагадвае Радыё Свабода.
Ашмянская мытня апынулася ўцягнутай у буйны карупцыйны скандал, які выбухнуў у красавіку 2015 года. Тады ў дамах падазраваных аператыўнікі знайшлі больш за два мільёны долараў. Усяго па справе аб хабарах у пункце пропуску “Каменны Лог” праходзілі 58 чалавек. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, злачыннай групай было прапушчана 4,5 тысячы грузавікоў з таварам. Сумы хабараў былі ад 110 да 750 долараў. У шэрай схеме былі задзейнічаныя начальнікі аддзелаў, асабісты склад мытні і прадстаўнікі бізнесу.