З 1 сакавіка ўводзіцца мытнае афармленне аўтамабільнага паліва

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі з 1 сакавіка ўводзіць мытнае афармленне аўтамабільнага паліва (бензін і салярка), якое вывозіцца фізічнымі асобамі.
Такія захады ўводзяцца ў мэтах упарадкавання вывазу паліва за межы краіны, а таксама прадухіленні фактаў пазапраўнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю Андрэй Планін.

Па яго інфармацыі, у першую чаргу мытнае афармленне будзе датычыцца выпадкаў вывазу паліва ў баках транспартных сродкаў. Грамадзянам, якія выязджаюць за межы краіны часцей за адзін раз на працягу трох сутак, давядзецца задэклараваць паліва або зарэгістравацца індывідуальнымі прадпрымальнікамі і штораз падаваць мытныя дэкларацыі.

Дадзеная мера не будзе ўжывацца ў дачыненні да членаў афіцыйных замежных дэлегацый, супрацоўнікаў дыпмісій і міжнародных арганізацый, службоўцаў дзяржорганаў, накіраваных у камандыроўкі, кіроўцаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, а таксама фізічных асоб, якія выязджаюць на аздараўленне.

Паведамляе БЕЛТА

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі