З беларусаў хочуць "надаіць" 130 тысяч долараў на помнік карове?
274 757 рублёў 56 капеек (каля 130 тысяч долараў) плануецца сабраць з усёй Беларусі на помнік карове. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным лісце на імя старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва, які распаўсюджваецца ў сацсетках. Грошы мусілі быць сабраныя да 1 верасня 2018 года.
"Дзеля выканання даручэння кіраўніка дзяржавы ад 5 чэрвеня 2-18 г. №10/48 П 722 (пункт 11 дакладной запіскі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.05.2018 №10/48) аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму неабходна да 1 верасня 2018 г. забяспечыць прыцягненне фінансавых сродкаў на стварэнне помніка карове", — гаворыцца ў дакуменце.
Мяркуючы па ўсім гаворка ідзе пра скульптуру каровы, якую з 2015 года плануюць паставіць каля ўваходу на крыты Камароўскі рынак у сталіцы. Дарэчы, у інвестыцыйнай праграме Мінска на 2018 год на гэтыя мэты вылучалася 50 тысяч долараў.