З Беларусі выслалі былога таджыкістанскага футбаліста
Улады Беларусі дэпартавалі Парвіза Турсунава — экс-футбаліста з Таджыкістана, затрыманага 18 верасня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", паведамляе Радыё "Свабода". Турсунаў знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку СНД па просьбе ўлад Таджыкістана. Аднак яго не вярнулі на радзіму, а выслалі ў Кіеў — менавіта адтуль Турсунаў і прыляцеў у Беларусь.
Як распавядала Еўрарадыё, 43-гадовы Турсунаў з сям'ёй збіраўся праз Беларусь выехаць у Польшчу і папрасіць там палітычнага прытулку. Аднак больш за два месяцы ён правёў спачатку ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, потым у ізалятары на Акрэсціна. За гэты час Таджыкістан накіраваў у Беларусь запыт на дэпартацыю, а сам Турсунаў папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.
Урэшце беларуская пракуратура палічыла, што няма прычын перадаваць былога футбаліста Таджыкістану. Яго дэпартавалі і забаранілі наведваць нашу краіну на працягу 10 гадоў.
Турсунаў кажа, што не мае прэтэнзій да беларускіх улад. "Яны дзейнічалі згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі па лініі СНД. Калі я ляцеў у Беларусь, то не ведаў, што я ў вышуку па лініі СНД. Ведаў толькі, што Інтэрпол мяне не шукае. Чаму мяне беларускія ўлады не выдалі Таджыкістану? Як мне патлумачылі, для гэтага не аказалася падстаў", — распавядае ён.
На радзіме Турсунаў не жыве з 2011 года. Аднак у лютым 2018 года МУС Таджыкістана пачала на яго крымінальную справу за публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Сам Турсунаў кажа, што нічога не ведае пра гэтую справу.