З дэбашырамі замест міліцыі будуць разбірацца ЖЭСы?

З-за блытаніны ў законах камунальнікі і міліцыянты не могуць разабрацца, каму прыязджаць па скаргах на шум у суседзяў. З увядзеннем новага Адміністрацыйнага кодэкса, які ўступіў у моц 1 сакавіка 2007 года, жыхары мусяць скардзіцца на шум суседзяў у ЖЭС, а не ў міліцыю. Дырэктар адной са сталічных жыллёва-эксплуатацыйных службаў у размове з Еўрарадыё наракае, што ўнутраныя органы проста спіхнулі на ЖЭСы сваю справу.

ЖЭС: “Дзесьці практычна ў 10 разоў павялічылася колькасць зваротаў па гэтых шумах. Органы ўнутраных справаў пераклалі гэта на нас. Нашая справа - эксплуатацыя жылога фонду. Каб было падмецена, прыбрана, памыта. Каб святло гарэла, з крана цякла вада і грэла батарэя. Усё! Але памаленьку на нас і працу з грамадскасцю павесілі. І зараз ходзяць, пасміхваюцца таварышы, якія за гэта атрымліваюць грошы. Сёння мы і позвы разносім, хаця гэта справа ваенкамата. Вось, мне ўчора ўвалілі 300 штук. І засталося 2 дні, каб я іх усіх апавясціў. Ну і ўвогуле, шмат “левай” працы на нас павесілі”.

У сваю чаргу галоўны участковы інспектар аднаго з Грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Мінску абвінавачвае ЖЭС, што тыя так і не выконваюць сваю справу. Ды і жыхары як званілі ў міліцыю, так і працягваюць званіць.

Участковы:
“Нічога не змянілася. Грамадзяне як звярталіся да нас з гэтай нагоды, так і звяртаюцца. А калі яны ідуць у ЖЭС, іх адтуль папросту накіроўваюць да нас. Не прымаюць заявы, ігнаруюць. У іх паняцця няма аб вядзенні адміністрацыйнага працэсу”.

Як разабрацца, каго выклікаць? Сталічны участковы патлумачыў Еўрарадыё, што калі шум выкліканы, да прыкладу, рамонтам, то гэта парушэнне Правілаў карыстання жылым памяшканнем. Значыць, трэба выклікаць супрацоўнікаў ЖЭСу. Калі ж з суседняй кватэры чуваць крыкі – гэта можа быць расцэнена як дробнае хуліганства. Тут павінна разбірацца міліцыя.

Участковы:
“Жыхары як тэлефанавалі, так і тэлефануюць. Тут не адназначна, што менавіта ў ЖЭС павінны званіць. Гледзячы які шум і як ён адбываецца. Калі шум ад рамонтных працаў – гэта справа больш ЖЭСа. А шум ад наўмыснага дзеяння – гулянка, п’янка, уключылі музыку, крычаць – то з гэтым і міліцыя разбіраецца”.

Звычайнаму жыхару няпроста разабрацца, каго і ў якім выпадку выклікаць. Пакуль міліцыя і ЖЭСы перакладаюць працу адзін на аднаго, расплачвацца даводзіцца жыхарам. Калі чалавек падаў заяву замест ЖЭСа ў міліцыю, там яе перанакіроўваюць у камунальную службу. Калі ж камунальнік прыехаў па выкліку, а там, да прыкладу, панажоўшчына, супрацоўнік эксплуатацыйнай службы павінен выклікаць міліцыю. Аднак папярэдне – скласці пратакол пра парушэнне Правілаў карыстання жылым памяшканнем. Ноччу, вядома ж, што б ні здарылася, трэба выклікаць міліцыю.

Пазней сталічныя ўлады фактычна адмянілі гэтую норму Адміністрацыйнага кодэкса і зноў пераклалі на міліцыянтаў абавязкі, якія мусілі выконваць ЖЭСы. На думку суразмоўцы, гэта ініцыявалі камунальныя службы, каб нічога не рабіць. Разабрацца, хто за што адказвае, абодва бакі не могуць дагэтуль.

Участковы: “Зараз ЖЭСы, каб зусім нічога не рабіць, выйшлі з такой ініцыятывай на кіраўніцтва горада. МУС выйшла з запытам на Міністэрства юстыцыі. Але адтуль прыйшоў нейкі такі абцякальны адказ, што так ніхто нічога і не зразумеў, ці правамернае гэтае рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў”.

Між тым, працы ў ЖЭСаў сапраўды дадалося, гаворыць дырэктар сталічнай службы. Даводзіцца запаўняць стосы пратаколаў. Дамы сталі будаваць з высокай гукапранікальнасцю, ды і людзі ўжо не тыя – уразлівыя.

ЖЭС: “Цяпер, канечне, гэтыя нашыя звонкія каробкі панэльныя. Тут стукнеш – там чуваць, нават вада цячэ – і тое чуваць. І плюс да гэтага народ стаў такі ўразлівы. Калі раней ён быў нармальны, загартаваны, сталінскі, як я яго называю – то зараз, канечне, ледзь што, дык адразу… Плюс да гэтага, калі раней чалавек ведаў, што нічога нельга рабіць, то зараз пайшлі гэтыя перастаноўкі – узаконеныя, неўзаконеныя. Раней не было такой тэхнікі: усе гэтыя перфаратары, машынкі шліфавальныя. Акрамя таго, народ цяжкі. Калі раней быў толькі насценны прыёмнік і ўсё, то зараз дзве калонкі ў 200 Ват як далі, ажно сценкі рассыпаюцца”.

Калі ж і вы не можаце разабрацца, каго выклікаць, можаце паспрабаваць дамовіцца з суседзямі самі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі