З вуліцы Кастрычніцкай у Мінску хочуць прыбраць будынкі заводаў і трамвай

Вуліцу Кастрычніцкую ў Мінску хочуць рэканструяваць: прыбраць вытворчыя будынкі, трамвайныя рэйкі, збудаваць паркоўку, гандлёва-забаўляльны цэнтр. Будаваць плануюць у межах вуліц Ульянаўскай — Леніна — чыгуначнай дарогі і ўзбярэжжы ракі Свіслач.

Пры гэтым зносіць канцэртную залу “Мінск” і студэнцкія інтэрнаты не плануецца. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў адміністрацыі Ленінскага раёна.

Супрацоўніца адміністрацыі: “Вынесуць трамвайную лінію, падкарэктуюць ландшафтна-рэкрэацыйную зону. Інтэрнаты не скарачаюцца, дабудуюць нават спартовую частку, захоўваюцца два вытворчыя будынкі завода "Крышталь"".

Праект забудовы будзе выстаўлены з 18 траўня па 11 чэрвеня ў фае 7-га інтэрната БДУ. Там жа 20 траўня ў 17:00 плануюць прэзентаваць праект.

Калі яго зацвердзяць, з Кастрычніцкай вуліцы прыбяруць вытворчыя будынкі завода “Мінск Крышталь”, а таксама дражджавога камбіната. Старыя будынкі металаапрацоўчага завода плануюць захаваць і прыстасаваць пад музей.

Трамвайныя рэйкі плануюць перанесці на вуліцу Леніна, а частку Кастрычніцкай абяцаюць зрабіць пешаходнай.

Фота: tut.by, lenadmin.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі