З-за будаўніцтва метро тры сям’і высяляюць у дзве кватэры

Рашэнне аб зносе дамоў па вуліцы 1-я Уманская, якія замінаюць працы метрабудаўцаў, было прынята судом Маскоўскага раёна Мінска 11 лютага. І калі рашэнне не будзе адменена судом вышэйшай інстанцыі, дамы знясуць. Пра гэта Еўрарадыё заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Ўладзімір Танкевіч.

Уладзімір Танкевіч:
“Будзем зносіць і перасяляць. Рашэнне прынята. Калі ён цягам 10 дзён абскардзіць — значыцца гэта троху даўжэй будзе. Пойдзе па інстанцыях абскарджванне: Мінскі гарадскі суд, далей яшчэ”.



Нагадаем, што супрацьстаянне ўладальніка дома па вуліцы 1-я Уманская Аляксея Васкабовіча з мінскімі гарадскімі ўладамі працягваецца больш за два гады. Увесь гэты час ён дамагаецца праз суд адпаведнай кампенсацыі за свой прыватны дом, які мусяць знесці ў сувязі з будаўніцтвам метро. І пакуль безвынікова.

Найперш Аляксея Васкабовіча абурае тое, што насуперак закону яму не даюць выбраць — якая кампенсацыя яго больш задавальняе.

Аляксей Васкабовіч:
“Няма ў іх права такога узяць і выселіць мяне! Мяне могуць забраць на Валадарскага пасадзіць, у Жодзіна завезці. Але тут правіла такое, і ў Жыллёвым кодэксе прапісаныя чатыры варыянты на выбар грамадзяніна. Мне ж акрамя аднаго варыянта — пагадзіцца на кватэры — не прапаноўваецца”.

У доме Аляксея Васкабовіча пражывае тры сям’і: ён з жонкай і два сыны з жонкамі і дзецьмі. Агулам — дзевяць чалавек. А прапаноўваюць ім пераехаць у дзве кватэры — двух- і трохпакаёвую. У параўнанні з тым, што атрымалі суседзі, такая кампенсацыя падаецца ўладальніку дома неадпаведнай.

Аляксей Васкабовіч:
“Як можна, калі ўласнік меў каля 40 метраў квадратных, і на 4 чалавекі даюць 2 кватэры двухпакаёвыя. Другі ўласнік каля 50 квадратных метраў меў — атрымаў двух- і аднапакаёвую кватэры. А маю сям’ю разганяюць так, што ні ў адной з кватэр не атрымліваецца 15 квадратных метраў на чалавека”.



А ў Васкабовічаў дом у 210 квадратных метраў. Больш за тое, яго цагляны дом павышанай камфортнасці чамусьці ацанілі танней, чым драўляныя дамы суседзяў.

Аляксей Васкабовіч: “Мой дом лепшы за тыя, якія пазносілі. І калі ў іх драўляны дом ацэньваўся у 1580 долараў за метр квадратны, а цагляны — па 1640 долараў, то мой атрымаўся па 1100!”



Але больш за два гады безвыніковых судовых разбіральніцтваў прывялі да таго, што Аляксей Васкабовіч вырашыў пагадзіцца на кампенсацыю па такіх расцэнках. Тым больш, што з-за хваляванняў і перажыванняў пагоршылася здароўе і ў яго, і ў жонкі. А трое суседзяў, якія раней ніколі не скардзіліся на кепскае самаадчуванне, раптоўна пайшлі з жыцця. Таму, кажа, падчас сустрэчы 18 лістапада 2009 года з выканаўцам абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам яны нібыта дамовіліся, што Васкабовіч забірае гэтыя грошы, а выканкам выдзяляе яму ўчастак зямлі ў горадзе пад будаўніцтва новага дома.

Аляксей Васкабовіч: “18 лістапада мы дасягнулі пагаднення наконт таго, што я падаю дакументы ў раён, там іх зацвярджаюць, і ён ім дасылае ліст. Я атрымліваю кампенсацыю, яны мне ўчастачак даюць — і я будуюся”.

Але, кажа, праз некалькі дзён прадстаўнік Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна сказаў, што ніякага ліста ад Ладуцькі ім не прыходзіла, і ўвогуле — гэта была не канчатковая дамоўленасць, а скарга, якую Ладуцька выслухаў і перанакіраваў на рэагаванне ў Дырэкцыю. А рэакцыя застаецца ранейшай — акрамя двух кватэр, ніякія іншыя варыянты перасялення сям’і Васкабовічаў не разглядаюцца. Такое рашэнне прыняў і суд.

Нязменнасць гэтай пазіцыі пацвердзіў Еўрарадыё і дырэктар Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Павел Царун.

Павел Царун: “Ёсць рашэнне суда, і яно засталося ў сіле”.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці можа Мінгарвыканкам сваім рашэннем змяніць сітуацыю і пайсці насустрач сям’і Васкабовічаў у вырашэнні жыллёвай праблемы. Але ва Ўпраўленні жыллёвай палітыкі нам сказалі, што яны выдзелілі столькі жылля, колькі было прапісана ў заяўцы Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна. І больш ніякага дачынення да вырашэння пытанняў “перасяленцаў” яны не маюць.

У тым жа стылі адказалі і ў прыёмнай начальніка камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктара Нікіціна. А начальнік юрыдычнага аддзела Ірына Вусава выказала меркаванне, што толькі суд можа штосьці вырашыць на карысць сям’і Васкабовічаў.

Ірына Вусава: “Зараз гэта — кампетэнцыя суда. У аднабаковым парадку мяняць нешта, напэўна, не атрымаецца. Усё вырашаецца ў судзе”.

Вось толькі суд, кажа Аляксей Васкабовіч, і на сваім апошнім пасяджэнні 11 лютага 2010 года пацвердзіў, што цалкам падтрымлівае пазіцыю Дырэкцыі і не хоча выслухоўваць аргументы гаспадара. Не дапамаглі нават лісты ў Вярхоўны суд, Генпракуратуру, Мінюст і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Але супакойвацца ён не хоча.

Аляксей Васкабовіч: “Улічваючы, што да нашага гаранта Канстытуцыі, кіраўніка дзяржавы, не даходзяць лісты, я не спынюся. Я буду шукаць шляхі давядзення да яго гэтай інфармацыі. Але ў мяне не шмат шляхоў засталося, і я буду праз СМІ звяртацца. І буду звяртацца ў міжнародныя арганізацыі”.



Згодна са словамі намесніка кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна Ўладзіміра Танкевіча, Васкабовічу трэба было адразу не “лезці ў бутэльку” і не патрабаваць тое, на што ён не мае права, а ісці ў Дырэкцыю і дамаўляцца наконт таго, як ім будуць кампенсаваць страту прыватнага дома.

Уладзімір Танкевіч: “Ён павінен быў падыходзіць у метрапалітэн, арганізацыю, якая будуе, і дамаўляцца. Ён жа з імі размаўляе праз суд. Ён мусіў да дырэктара ісці, прапаноўваць і вырашаць сваё пытанне. Але наўрад ці нехта пойдзе з ім на кампраміс”.

Але, паводле словаў Аляксея Васкабовіча, перасяляцца на прапанаваных умовах ён не будзе. І калі яго з дома выселяць сілай — пойдзе жыць бамжом на вакзал.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі