З-за каранавіруса ў касцёлах Беларусі адмяняюць калядныя сустрэчы
Батлейкі ў касцёлах будуць, але калядныя сустрэчы адмененыя / TUT.BY
У касцёлах Беларусі ў гэтым годзе не будзе традыцыйных калядных сустрэч і падзелу оплаток з іерархамі. Такое рашэнне з-за пандэміі каранавіруса прыняў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
"У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, выкліканай пандэміяй каранавіруса, клапоцячыся пра духоўнае і фізічнае здароўе людзей, Мінска-Магілёўская Архідыяцэзія пастанаўляе адмяніць традыцыйныя калядныя сустрэчы і падзел оплаток з удзелам іерархаў", — гаворыцца ў распараджэнні мітрапаліта, апублікаваным на сайце Catholic.by.
Пры гэтым святарам дазваляецца запрашаць вернікаў на Імшу ці іншыя адмысловыя набажэнствы і дзяліцца з імі аплаткамі. Не забаронены і традыцыйныя пастырскія наведванні вернікаў з благаслаўленнем дамоў і кватэр. Але ў гэтым годзе з-за каранавіруса яны магчымыя толькі па запрашэнні канкрэтных сем'яў і з улікам рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя.
Яшчэ адзін пункт распараджэння тычыцца традыцыйных калядных батлеек, якія ў снежні з'яўляюцца ў касцёлах. У гэтым годзе батлейкі рэкамендавана размяшчаць так, каб не дапускаць вялікай колькасці людзей каля іх.
У Беларусі, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на 3 снежня, за суткі быў выяўлены 1 701 новы выпадак COVID-19. Агульная колькасць інфікаваных з пачатку пандэміі складае 141 609 чалавек. Памёр 1 181 пацыент з выяўленым каранавірусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.