За 3 месяцы Мінгандлю правяло 0 праверак. І 125 маніторынгаў
З 27 лютага ў Беларусі дзейнічае мараторый на праверкі крамаў і рэстаранаў. Неўзабаве пасля яго ўвядзення Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч распавядае Еўрарадыё, што праверка можа прыйсці ў кавярню толькі ў чатырох выпадках:
"Праверкі праводзяцца толькі па даручэнні прэзідэнта, Савета міністраў, у межах расследавання крымінальных справаў. І пазапланавыя праверкі — у выпадках, калі ёсць пэўная інфармацыя пра парушэнні".
Па два маніторынгі за дзень
Прайшло амаль тры месяцы. Ці спыніліся праверкі? У прэс-службе Мінгандлю кажуць, што мараторый працягвае дзейнічаць!
"З 1 сакаівка па 26 траўня праведзены маніторынг 125 аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Праверак — 0, бо мы абвясцілі, што прыпыняем праверкі".
Гэта статыстыка па Мінску. 125 маніторынгаў за 65 працоўных дзён — гэта амаль па два за дзень. Відавочна, спецыялісты Мінгандлю працягваюць трымаць руку на пульсе сталічнай сферы паслуг.
Але ў прэс-службе тлумачаць, што паміж праверкай і маніторынгам ёсць істотная розніца:
"Падчас маніторынгу таксама ходзяць і глядзяць, але, калі ёсць нейкія парушэнні, выпісваюцца толькі рэкамендацыі, каб іх выправіць. У выніку праверкі ў такой сітуацыі было б зафіксаванае адміністрацыйнае правапарушэнне".
Куды чыноўнікі ходзяць з маніторынгамі? Тэлефануем у мінскі рэстаран "Mai Thai", які месціцца роўна праз дарогу ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
"Да нас ніхто апошнія тры месяцы не прыходзіў".
Крыху далей па вуліцы Кірава — кавярня "SurfCoffee". Афіцыянт распавядае, што ніколі не бачыў ні праверак, ні маніторынгаў.
"Можа быць, і было, але не ў маю змену".
"А гэта ў нас унутранае"
Дзе ж усе маніторынгі? Знаходзім іх... у славутым мінскім клубе "Графіці"! Дырэктар клуба Аляксей Ажогін распавядае пра сюрэалістычныя дыялогі, якія часам адбываюцца з правяраючымі:
"Я пытаюся: "Гэта праверка?". Мне адказваюць: "Так!". Я прашу: "Тады пакажыце прадпісанне". Мне ў адказ: "А, ну тады гэта не праверка, а маніторынг". Тады я кажу: "Калі гэта маніторынг, дык, калі ласка, глядзіце проста як наведвальнікі". Яны: "А гэта ў нас адпрацовачка". Я: "А што такое адпрацовачка?". Яны: "А гэта ў нас унутранае". І гэтая механіка мне незразумелая, бо ёсць праверка і маніторынг, трэцяга не дадзена".
Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін распавёў у эфіры Еўрарадыё, што правяраць прадпрымальнікаў маюць права 1703 дзяржаўныя ўстановы. Для крамаў і кавярняў самымі "небяспечнымі" гасцямі лічацца санстанцыя і пажарныя. Але ў МНС Еўрарадыё распавядаюць, што апошнім часам таксама прытрымліваюцца мараторыя на праверкі:
"Мы цалкам прыпынілі праверкі. Адзінкавыя выпадкі праверак звязаныя з неананімнымі зваротамі грамадзян і іншых структур", — каментуе сітуацыю Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.
Але Аляксей Ажогін кажа, што чыноўнікі з самых розных дзяржаўных установаў з'яўляюцца ў "Графіці" рэгулярна. Настолькі рэгулярна, што яму давялося "падкавацца" і вывучыць нумары ўказаў Аляксандра Лукашэнкі:
"У 510-м указе Аляксандр Рыгоравіч апісаў правы і магчымасці правяраючых. Там яны вельмі абмежаваныя. Яны як госці могуць знаходзяцца, глядзець, не патрабуючы ніякіх дакукентаў і не заходзячы ні ў якія службовыя памяшканні. Але, вось, увесь час просяць прайсці.
У мінулую пятніцу было: санстанцыя вельмі хацела прайсці на кухню. Я кажу: "У мяне ёсць законнае права — я вас не хачу пускаць туды".
Па-першае, таму, што ў нас і кухні як такой няма, няма і куды ісці. А па-другое, гэта ўвесь час напружвае нашых гасцей. Калі нехта заходзіць, пачынаюцца афіцыйныя размовы, людзі сябе няўтульна адчуваюць. Пытаюцца нават: "Нам што, сысці?". Не разумеюць, што адбывецца. Я [правяраючым] заўжды ў холе кажу: калі ў вас ёсць нейкія пытанні — задавайце, я вам усё распавяду, пакажу. Без праблем".
Усе замаўляюць у пастаўшчыкоў ужо мытыя яйкі
Санітарныя патрабаванні да беларускіх рэстаранаў дагэтуль з'яўляюцца гучнай і актуальнай праблемай. Звесткі пра некаторыя з іх — самыя жорсткія і незразумелыя — дайшлі да самага верху. І Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па спрашчэнні ўмоваў для бізнэсу зрабіў чыноўнікам “адлуп”:
"Не трэба нічога ўскладняць. Можа быць, хтосьці не ведае, але, каб прыгатаваць простыя дранікі, рэстаранам трэба мець як мінімум некалькі памяшканняў. Таму яны сёння вымушаныя гатаваць нацыянальную страву з замарожаных паўфабрыкатаў замежнай вытворчасці. Недзе рыхтуюць, замарозілі, вязуць, а пасля імкнуцца падсмажыць, каб было смачна. Мы мусім размежаваць патрабаванні для заводскай сталоўкі на сто чалавек і маленькай кавярні на дзесяць столікаў. Давайце не будзем перашкаджаць развівацца бізнесу. Нельга абцяжарваць яго непатрэбнымі нормамі, кожная з якіх — зачэпка для кантралёра і нагода пакараць прадпрыемства. Паверце, жадаючых сярод іх хапае".
З таго часу, як прагучалі гэтыя словы, прайшлі ўжо тры з паловай месяцы. Ці паварушыліся чыноўнікі? Старшыня гільдыі кухараў Аляксандр Чыкілеўскі кажа, што прыкладна месяц таму выйшли "новыя нормы СанПіНа" і зрухі ў станоўчы бок ёсць:
"Дзе можна было падкарэктаваць і зрабіць больш лайтовы падыход да працы кухні — у прынцыпе, гэта зроблена".
А вось іншы прыклад грувасткасці беларускіх санітарных нормаў: патрабаванне мыць яйкі ў асобным памяшканні дагэтуль актуальнае. Па словах Аляксандра Чыкілеўскага, зрабіць з гэтым нічога не атрымаецца:
"Яйкі ўсё адно трэба мыць, бо хварэць ніхто не хоча. То бок, ёсць моманты, якія можна лібералізаваць. А ёсць такія, якія трэба пакідаць. З іншага боку, я часта бываю на кухнях у Германіі, у Чэхіі. Да іх прыходзяць яйкі ў пакетах, ужо разбітыя. А ёсць — асобна бялкі, асобна жаўткі. Яны ўжо пастэрызаваныя, і іх можна браць і выкарыстоўваць".
Мы са сваіх крыніц даведаліся, што беларускія рэстаратары знайшлі выйсце са складанага становішча. Усе замаўляюць у пастаўшчыкоў ужо мытыя яйкі. Нічога добрага ў гэтым няма: проста паміж вытворцам і наведвальнікам рэстарана з'явіўся яшчэ адзін пасярэднік — фірма, якая мые яйкі. Мы ўяўляем сабе вялікі ангар з бясконцымі шэрагамі мыек у лесе пад Мінскам. Што ні кажы, умеюць нашы людзі выкручвацца. Асабліва калі гаворка ідзе пра яйкі.