За $800 тысяч Мінюст выдаў кнігу ды правёў некалькі дзесяткаў мерапрыемстваў

Падведзеныя вынікі праекта тэхнічнай дапамогі Мінюсту, які фінансавалі Еўрапейская камісія, Праграма развіцця ААН і ЮНІСЭФ Два гады працягваўся праект тэхнічнай дапамогі Мінюсту, прафінансаваны Еўрапейскай камісіяй, Праграмай развіцця ААН і ЮНІСЭФ. Праект меў назву "Спрыянне шырэйшаму ўжыванню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека падчас адпраўленняў правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь". Выдаткавалі на яго еўрапейцы 835 тысяч 491 долар. Падчас круглага стала, прысвечанага завяршэнню праекта, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Мінску Жан-Эрык Хольцапфель аптымістычна выказаў ўпэўненасць, што зробленая за гэты час праца пойдзе на карысць беларускаму правасуддзю.



Жан-Эрык Хольцапфель: “Рэкамендацыі, якія былі падрыхтаваныя пры ўдзеле нацыянальных і міжнародных экспертаў, могуць быць скарыстаныя заканадаўцамі Беларусі для таго, каб прывесці нацыянальнае заканадаўства і нарматыўную базу бліжэй да міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. Кнігі, кампакт-дыскі, якія былі накіраваныя кожнаму суддзі Беларусі забяспечваюць шырокі доступ прафесіяналаў галіны правасуддзя да міжнародных прававых дамоваў, якія могуць спрыяць паляпшэнню правапрымянення нацыянальнага заканадаўства”.

Міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў таксама лічыць, што два гады і больш, чым 800 тысяч долараў былі патрачаныя не дарэмна.



Віктар Галаванаў: “Праведзены цэлы шэраг значных з нашага пункту гледжання мерапрыемстваў. У тым ліку серыя з 12 ўводных семінараў, шэсць фінальных канферэнцый па тэмах “Прымяненне міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе адпраўленняў правасуддзя", 17 адукацыйных паездак для нацыянальных экспертаў і прадстаўнікоў арганізацый-партнёраў па праекце з мэтай вывучэння міжнароднага вопыта”.

А яшчэ — падрыхтаваны чатырохтомнік “Правы чалавека. Міжнародныя прававыя дакументы і практыка іх прымянення” і “Рэкамендацыі па далейшым ўдасканаленні беларускага заканадаўства”.


Антоніус Брук

Вось толькі калі Жан-Эрык Хольцапфель і яго калега, прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Брук на кнігу з “Рэкамендацыямі” звярталі асаблівую ўвагу як прадстаўнікоў Мінюста, так і журналістаў, то намеснік міністра юстыцыі, нацыянальны каардынатар праекта Аляксандр Сіманаў адразу сказаў, што выконваць іх ні беларускія законатворцы, ні айчынныя суддзі не абавязаныя.


Аляксандр Сіманаў: “Рэкамендацыі, якія ўвайшлі ў зборнік, з’яўляюцца асабістым меркаваннем спецыялістаў. Ну, падмацаваным, вядома, пэўным навуковым і практычным вопытам. Але гэта не афіцыйныя рэкамендацыі, якія падлягаюць выкананню”.

І адзначыў, што ў нас з правамі чалавека падчас адпраўленняў правасуддзя ўсё ў парадку, на ўзроўні лепшых міжнародных стандартаў. А беларускія суддзі — самыя незалежныя, неперадузятыя і прафесійныя.

Пачуўшы гэта выказванне, Еўрарадыё пацікавілася ў міністра юстыцыі, якім чынам баларускім судзям удаецца заставацца незалежнымі і неперадузятымі ў той час, калі іх “працаўладкаванне” залежыць ад прэзідэнта. Як высветлілася з адказу Віктара Галаванава, менавіта тое, што суддзям дае працу і можа адабраць яе прэзідэнт і з’яўляецца гарантам іх незалежнасці.

Віктар Галаванаў: “Усе суддзі нашай краіны прызначаюцца прэзідэнтам. За выключэннем паловы суддзяй Канстытуцыйнага суда. На думку Міністэрства юстыцыі, менавіта ў гэтым гарантыя незалежнасці судзяў агульных судоў перш за ўсё”.

На думку міністра, калі суддзі выбіраюцца, да прыкладу, дэпутатамі, то яны ад тых дэпутатаў і залежаць. А вось прэзідэнт у нас, дадаў яго намеснік Аляксандр Сіманаў, і не заканадаўчая, і не выканаўчая, і не судовая ўлада. Таму і на суддзяў ён, нібыта, уплыву не мае.

Аляксандр Сіманаў: “Вось вы кажаце, што калі прэзідэнт прызначае суддзяў, то той ужо неяк залежыць ад улады. Але ў гэтай сітуацыі ён ад выканаўчай улады ніяк не можа залежыць у гэтай сітуацыі, гэта зразумела юрыстам”.

Выказванні чыноўнікаў Мінюста як наконт незалежнасці беларускіх суддзяў, так і наконт будучыні “Рэкамендацый па далейшым ўдасканаленні беларускага заканадаўства” уразілі спадара Жана-Эрыка Хольцапфеля.

Жан-Эрык Хольцапфель: “Мы хочам, каб Беларусь была для нас паўнавартасным партнёрам. У дакуменце, які быў прыняты ў 2006 годзе са знакамітымі “12 пунктамі”, адзін з пунктаў — забеспячэнне незалежнай судовай улады. І мы спадзяемся, што ўсе гэтыя “Рэкамендацыі” будуць цалкам рэалізаваныя. Як частка таго дыялогу, які ў нас вядзецца з Беларуссю”.

Ці будзе гэтае пажаданне выконваць Мінюст, сказаць цяжка. Затое падчас круглага стала з беларускага боку неаднаразова выказвалася пажаданне аб працягненні супрацоўніцтва паміж Мінюстам і Еўракамісіяй. Аб неабходнасці распачатку новага сумеснага праекту з семінарамі, канферэнцыямі і навучальнымі паездкамі за мяжу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі