За аднаўленне помніка актывіста ТБМ выганяць з працы?

Улады пачалі ціск на аднаго з удзельнікаў нядаўняга аднаўлення помніка ў гонар 350-годдзя Палонкаўскае бітвы, пра якое паведамляла Еўрарадыё. З Міхася Берната начальства запатрабавала "тлумачальную". У яго пытаюцца, чаму ён удзельнічаў у гэтай акцыі ды чаму яе не ўзгаднілі з выканкамам.
Наконт гэтага Бернату затэлефанаваў загадчык аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Седач. Што праўда, выклікаць Міхася Берната, былога дырэктара, стваральніка, а цяпер метадыста Русінаўскага музея рамёстваў ц выканкам у панядзелак не могуць — у яго выходны.

"Палонкаўская бітва — гэта гістарычны факт, — кажа Бернат. — Гэта гістарычная памяць. На гэты раз мы проста аднавілі шыльду на месцы, асвечаным у дзевяностых праваслаўным і каталіцкім святарамі. Мы ўжо усталявалі ў свой час памятныя знакі ў гонар Уладзіслава Галубка ў Лясной, знак у Сталавічах. Але як абыходзяцца з тым, што мы робім? У Мілавідах, дзе мы ўсталявалі некалькі год таму на школе дошку ў гонар Аляксандра Ланкевіча, яе, прымацаваную жалезам, … здзьмула ветрам".

Па словах Міхася Берната, яго кантракт з аддзелам культуры выканкама павінен скончыцца праз два месяцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі