За два гады туркі ў 25 разоў скарацілі інвестыцыі ў беларускую эканоміку

За два гады туркі ў 25 разоў скарацілі інвестыцыі ў беларускую эканоміку

Па звестках палітолага і ўсходазнаўцы Аляксандра Філіпава, турэцкія інвестыцыі ў беларускую эканоміку за апошнія два гады скараціліся ў 25 разоў. У 2014 годзе яны дасягалі $0,5 млрд. Зараз яны складаюць блізу $20 млн.

За два гады туркі ў 25 разоў скарацілі інвестыцыі ў беларускую эканоміку

"Напрацягу двух гадоў фактычна адбываецца вывад турэцкага капіталу [з Беларусі], — распавядае Аляксандр Філіпаў у жывым эфіры Еўрарадыё. — Калі паглядзець статыстыку Нацыянальнага банка, Турцыя была адной з найбольш важных крыніцаў прамых інвестыцыяў у нашу эканоміку: больш за паўмільярда [долараў] напрацягу апошніх 5-6 гадоў, а напрацягу ўсяго перыяда незалежнасці [Беларусі] — больш за $1,2 млрд. Але з 2014 года ўзровень гэтых інвестыцыяў упаў фактычна да $15-20 млн. Гэта азначае, што турэцкі бізнэс пачаў выводзіць свае капіталы".

Па словах палітолага, турэцкія інвестары бачаць праблему ў скарачэнні беларускай эканомікі. "Грошы, у асноўным, укладаліся ў забаўляльны і рэкрэацыйны сектары. Гэта гатэлі, казіно, гандлёвыя цэнтры. Crown Plaza, сетка казіно Princess. Усё гэта мае сэнс, калі эканоміка краіны развіваецца, а не знаходзіцца ў стагнацыі", — дадае Філіпаў.

Яшчэ адной праблемай стала тое, што турэцка-беларуская бізнэс-асацыяцыя, якая працавала ў нашай краіне, трапіла ў так званыя "гюленаўскія спісы". Гэта значыць, улады Турцыі падазраюць яе ў сувязях з Фетулахам Гюленам — пісьменнікам і грамадскім дзеячом, якога прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган абвінаваціў у спробе здзейсніць дзяржаўны пераварот у ліпені 2016 года. "У спіс "прагюленаўскіх арганізацый" па ўсім свеце ўвайшлі тры беларускія арганізацыі, — сцвярджае Аляксандр Філіпаў. — Дзве, што займаюцца курсамі турэцкай мовы і культурным супрацоўніцтвам, і адна бізнэс-асацыяцыя. Таму да турэцкіх бізнэсменаў, якія працуюць у Беларусі, магчымыя прэтэнзіі на радзіме".

11 лістапада Рэджэп Таіп Эрдаган прыехаў у Мінск з афіцыйным візітам. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён выказаў упэўненасць, што Турцыі і Беларусі за кароткі час удасца не толькі спыніць зніжэнне тавараабароту, але і павялічыць яго да 1 мільярда долараў (за 8 месяцаў 2016 года ён складае $492 млн). Па словах Эрдагана, турэцкія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі складаюць прыкладна $1,5 млрд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі