За два гады ў Мінску плануюць пабудаваць 4 інтэрнаты для студэнтаў
Інтэрнат паблізу скрыжавання вуліцы Сямашкі і Каралінскага праезду / minsknews.by
Да 2024 года ў сталіцы плануюць пабудаваць чатыры новыя інтэрнаты для ўніверсітэтаў, паведамляюць "Мінск-Навіны".
Паблізу перасячэння вуліцы Сямашкі і Каралінскага праезду размесціцца інтэрнат адразу для двух універсітэтаў — БДМУ і БДУІР. Гэта будуць два корпусы, аб'яднаныя прыбудовай.
11-павярховы інтэрнат БДМУ разлічаны на 500 месцаў. У кожным блоку па два пакоі (на 3 і 5 чалавек), кухня і санвузел. Запланаваныя памяшканні для групавых заняткаў, пакой псіхолага.
20-павярховы інтэрнат БДУІР мае 530 месцаў. Тут пакоі разлічаныя на 3, 4 і 5 чалавек. У прыбудове будуць размешчаныя трэнажорная і актавая залы, пакоі для перамоваў, буфет.
У раёне перасячэння праспекта Пераможцаў і вуліцы Радужнай узвядуць будынак на 700 месцаў для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
Паміж жылым комплексам "Магістр" і навучальным корпусам № 15 БНТУ пабудуюць яшчэ два аб'екты, кожны з якіх разлічаны на 1030 месцаў. У першым будуць пражываць студэнты БНТУ, у другім — БДТУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.