За фота з Параду Перамогі ў Маскве расіяніна абвінавацілі ў прапагандзе нацызму

За фота з Параду Перамогі ў Маскве расіяніна абвінавацілі ў прапагандзе нацызму

У Архангельску суд прызнаў 59-гадовага Міхаіла Лістава вінаватым у публічнай дэманстрацыі нацыскай сімволікі, піша znak.com. На сваёй старонцы ў сацсетцы "Вконтакте" мужчына апублікаваў хрэстаматыйнае фота з Параду Перамогі 1945 года. На ім савецкія салдаты трымаюць апушчаныя нямецкія сцягі. Як вядома, здымак з Параду Перамогі публікаваўся нават у падручніках гісторыі.

У сярэдзіна студзеня Лістава выклікалі ў паліцыю на размову "наконт прапаганды нацысцкай сімволікі ў інтэрнэце". Мужчыну паказалі пачатую на яго справу, дзе былі фатаграфіі са старонкі ў сацсетцы. Пасля паўторнай сустрэчы яго даставілі ў суд.

Лістаў не адмаўляў, што сам размясціў згаданую фатаграфію. Аднак ён быў шакаваны тым, як яе вырашылі патрактаваць. "Мной было адразу заяўлена, што гэтую фатаграфію я апублікаваў як напамін пра гістарычныя падзеі, а не для дэманстрацыі атрыбутыкі нацыстаў. Гэтую фатаграфію наогул у падручніках гісторыі друкавалі! Я адмаўляў сваю віну, але мае довады не падзейнічалі", — распавёў мужчына журналістам.

19 студзеня суд прызначыў яму штраф у тысячу расійскіх рублёў. Лістаў упэўнены, што ціск на яго вёўся за яго палітычныя погляды. Ён з'яўляецца апазіцыянерам з 1991 года, а з 2014-га падтрымлівае Аляксея Навальнага і з'яўляецца валанцёрам у яго Архангельскім штабе.

"Я нарадзіўся ў СССР і ненавіджу нацызм у любой яго праяве. Абодва мае дзяды ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Але цяперашнюю судовую сістэму і працу паліцыі зусім не разумею. І пакуль не ведаю, ці буду абскарджваць рашэнне суда", — прызнаецца архангелец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі