За год Нацбанк плануе зменшыць стаўку рэфінансавання ўдвая

Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, адказваючы ў чацвер на пытанні парламентароў. Цяпер стаўка рэфінансавання складае 23,5%.



Сямашка нагадаў, што цяпер стаўкі па крэдытах знаходзяцца на высокім узроўні. На яго думку, як перадае БелаПАН, стаўкі, якія складаюць сёння 45—50% гадавых, неабгрунтавана завышаныя. Нават высокарэнтабельныя прадпрыемствы не могуць абслугоўваць крэдытныя рэсурсы па такім кошце. Такія крэдыты вядуць да банкруцтва, заявіў чыноўнік.



Віцэ-прэм'ер кажа, што 30 кастрычніка прэзідыум Саўміна разглядаў пытанне пра высокія адсоткавыя стаўкі. Нацбанк, па словах Сямашкі, плануе ў будучым годзе істотна зменшыць стаўку рэфінансавання. Кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова запэўніла, што на наступны год закладзена сярэдняя стаўка рэфінансавання ў памеры 16—17%. У снежні 2014 года яе плануецца зменшыць да 13%.



Апошні раз Нацбанк змяншаў стаўку рэфінансавання ў чэрвені 2013 года. Аднак апошнія чатыры месяцы яна захоўваецца на нязменным узроўні (23,5% гадавых).



Фота — interfax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі