За год з бюджэту ЕС скралі амаль 2,2 мільярда еўра
Дзяржслужачыя абменьвалі канфідэнцыйную інфармацыю на квіткі на футбол і “Формулу 1”, а выкладчыкі ў Грэцыі зараблялі больш за 137 тысяч еўра ў месяц.
У пачатку кастрычніка Еўрапейскае бюро па барацьбе з махлярствам (OLAF) апублікавала ацэнку стратаў, якія панёс бюджэт Еўрасаюза ў выніку карупцыі. Даследаванне адносіцца да 2010 года і васьмі выпадкова абраных краін: Францыі, Венгрыі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі і Іспаніі, у якіх агулам “знікла” да 2,2 мільярда грошай ЕС. Збольшага ацэнкі гавораць пра закупкі ў пяці асноўных галінах, такіх як будаўніцтва і ачыстка вады.
Вось што піша пра гэта выданне EUobserver:
“У даследаванні сцвярджаецца, што карупцыя распаўсюджваецца на 3-4% агульнага бюджэту закупак. Сярод найбольш распаўсюджаных спосабаў скрасці грошы — штучна завысіць цэны кантрактаў адносна рэальнага рынкавага кошту”.
EUobserver распавядае пра 10 дзяржслужачых, якія перадавалі будаўнічым кампаніям канфідэнцыйную інфармацыю наконт тэндараў, звязаных з дарожнымі праектамі. У абмен яны атрымоўвалі квіткі на віп-месцы на футбол і “Формулу 1”, а таксама авіяквіткі ў экзатычныя краіны.
Магчыма, карупцыя атрымае ўдар пасля змянення дырэктывы аб грамадскіх закупках. Прынамсі так мяркуе Жаакім Нунес дэ Альмейда, дырэктар дэпартамента грамадскіх закупак у Генеральным дырэктараце Еўракамісіі на ўнутраным рынку:
“Шэраг краін-сяброў ЕС паведамілі мне, што такая шырокая канцэпцыя стала б прававой рэвалюцыяй у іх сістэмах”.
Што цікава, да працы самога Еўрапейскага бюро па барацьбе з махлярствам (OLAF) таксама ёсць пытанні. Як доказ — гісторыя з дзяржаўным фінансавым чыноўнікам з Афін Ёргасам Боўтасам. Ён выкрыў неапраўданую растрату грошай грэчаскім інстытутам, які падтрымліваецца ЕС, яшчэ тры гады таму. Пра што і папярэдзіў OLAF, але адказу так не атрымаў. Пасля яшчэ месяцаў чакання і яшчэ некалькіх запытаў чыноўніка-праўдалюба папрасілі быць “цярплівым”. А факты, апісаныя ў яго лістах, былі сапраўды цікавыя. Іх пералічвае выданне Der Spiegel:
“Некаторыя з інструктараў атрымоўвалі аплату за 225 гадзін у месяц, нават калі яны знаходзіліся за мяжой. Пагадзінны заробак дасягаў 610 еўра. Меркаваная карупцыя ўзмацняецца відавочным кумаўством: сын члена кабінета міністраў вёў курс па серабрэнні гадзіннікаў, а жонка палітыка-сацыяліста правяла курс і па стаматалогіі, і па геаграфіі”.
Атрымоўваецца, што адзін выкладчык ці інструктар мог атрымаць больш за 137 тысяч еўра. Але цяпер, як лічыць Ёргас Боўтас, гэтыя справы могуць стаць неактуальнымі — пакуль з Брусэля высылалі “адпіскі”, прайшоў тэрмін даўніны.
Фота: zack-group.com