За хабар каўбасой і спіртным падпалкоўніку з Печаў далі чатыры гады зняволення
Суд Барысаўскага раёна 29 сакавіка абвясціў прысуд былому начальніку фізічнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах Дзмітрыю Кіселару. Наступныя чатыры гады ён правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, у яго канфіскуюць маёмасць і пазбавяць звання "падпалкоўнік", паведамляе tut.by. Яго ўзялі пад варту ў зале суда.
У сваім апошнім слове Кіселар цалкам прызнаў віну і раскаяўся. "Тым не менш, прашу пра паблажку. Я яшчэ поўны сіл, хачу прынесці карысць дзяржаве і грамадству, займацца фізічным выхаваннем дзяцей. Штогод я праводзіў зборы з моладдзю, прышчапляў ім любоў да радзімы і пачуццё патрыятызму. У мяне цяжкае захворванне, трэба дарагое лячэнне. Знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі, не змагу забяспечваць сябе лекамі. Мне трэба працаваць. (...) Калі суд працягвае чалавеку саломінку, ён заўсёды за яе ўхопіцца. Не пазбаўляйце мяне волі", — заявіў ён.
Пра факты хабару з боку падпалкоўніка стала вядома яшчэ ў 2016 годзе. Як паведамляла Еўрарадыё, за пераздачу іспыту па фізпадрыхтоўцы Кіселар патрабаваў з вайскоўцаў спіртное, цукеркі, каўбасу, каву. Набор быў стандартны.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.