За лісты з заклікам сумленна лічыць галасы студэнта асудзілі на тры гады калоніі
Тры гады калоніі агульнага рэжыму — такі прысуд атрымаў 18-гадовы брастаўчанін Раман Карпук, які навучаўся на першым курсе універсітэта. Прысуд вынесла суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Лаўранюк, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Хлопца абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме). Нагодай стала тое, што ён адправіў 99 лістоў чальцам камісій па рэферэндуме ад імя "палітычных" суддзяў.
У гэтых лістах змяшчаліся заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках. Таксама аўтар лістоў пералічваў артыкулы Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў.
На судзе хлопец патлумачыў, што ён толькі хацеў, каб галасы палічылі сумленна: "Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і паводле закону".
Праваабаронцы прызналі Рамана Карпука палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.