За мінулы год бульба падаражэла больш за астатнія прадукты

У Беларусі сёлета неўраджай бульбы. Кажуць, што надалей яна будзе толькі даражэць Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў дадзеныя па коштах на асноўныя групы харчовых тавараў. Згодна з імі, больш за ўсё падаражэла бульба — на 36,1%. Другое месца трымае гарбата — 18%, на трэцім яйкі ды рыба — 16%. Мяса, кансервы, хлеб і алкагольныя напоі сталі даражэй ад 10 да 16%.

Цалкам верагодна, што адной з прычынаў высокіх коштаў на бульбу можна назваць халоднае дажджлівае надвор'е сёлета. Менавіта з-за яго бульбы ўрадзілася меней, чым у папярэднія гады.

Былы дырэктар НДІ бульбаводства, а зараз фермер Капыльскага раёну Анатоль Круглякоў кажа, што бульбы, каб паесці, можа і хопіць, а вось на насенне — дык не.

Анатоль Круглякоў: "Сапраўды неўраджай бульбы. Асабліва ў нашай зоне: Слуцк, Нясвіж, Клецк, Узда, Капыль, тут няма ўраджаю ні ў каго. У прыватнікаў увогуле няма бульбы. У некаторых гаспадарак ёсць, але гэта не ўраджай. Спачатку хвароба фітафтора да 1 ліпеня паклала ўсё бацвінне, а потым дажджы вымылі ўсе пажыўныя рэчывы. Засталася голая глеба. Бульбы на насенне не хопіць, а на тавар, можа, і хопіць, але ж яна дарагая. Вунь на рынку ад тысячы да паўтары тысячаў рублёў. А ў мінулым годзе была 500 рублёў".

Паводле слоў Анатоля Круглякова, 90% бульбы ў Беларусі высаджваюць звычайныя людзі. У наступным годзе гэты адсотак можа знізіцца.

А вось у СПК "Кушлікі", што на Полаччыне, з ураджаем усё ў парадку, кажа намеснік старшыні Аліна Завадская.

Аліна Завадская: "Ураджай нядрэнны. Пакуль мы прадаем (аптовым пакупнікам. — ЕРБ) па 600 рублёў за кілаграм, але бульба будзе даражэць".

Пра сітуацыю ў Маладзечанскім раёне распавёў аграном СПК "Усход-Агра" Ігар Грыбоўскі.

Ігар Грыбоўскі: "Трошкі горш, чым летась, але для гэтага года някепска: сярэдняя ураджайнасць — 210 цэнтнераў з гектара. У мінулым была 255. Калі браць па раёне, то гэта нашмат вышэй, таму што па раёне ўраджайнасць 160".

Прычыны нізкай ураджайнасці Ігар Грыбоўскі тлумачыць халоднай вясной і дажджамі.

Ігар Грыбоўскі: "Неўраджай з-за халоднай вясны. Бульбу пасадзілі рана, і пакуль яна ляжала — дажджы, гнілі дзесьці праявіліся. Пакуль да ўсходаў дайшла справа, бульба пачала гніць і атрымала хваробы. Да таго ж, былі невысокія тэмпературы, каля 15 градусаў, а для бульбы аптымальна 18-20".

Зараз кіло бульбы на Камароўцы можна знайсці ад 800 да 1,5 тысяч рублёў, кажа дзяжурная па даведцы сталічнага рынку.

Дзяжурная па даведцы: "Сярэднія кошты на бульбу ад 800 да 1,5 тысяч. Але 1,5 тысячы — гэта прыгажуня! Кошты залежаць ад гатунку, драбней ці буйней і г.д. Вядома, калі падыдзе час да Новага года, да вясны, будзе ўжо даражэй. Зараз прадаецца толькі нашая бульба, а прывазная, напрыклад, з Егіпту, прадаецца перад вясной".

Супрацоўніца Камароўкі кажа, што, мяркуючы па рынку, неўраджай бульбы зусім не заўважны: як гандлявалі, так і гандлююць.

Дарэчы, харчовы камбінат "Весялова" на Барысаўшчыне прапануе здатчыкам бульбы кошт у... 80 рублёў за кілаграм, паведамляе "Электронны Барысаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі