За незаконнае звальненне інжынер атрымала гадавы заробак
Каб звольніць Святлану Карлінскую з прадпрыемства, начальнік сфабрыкаваў парушэнні працоўнага заканадаўства. У выніку жанчына адсудзіла ў прадпрыемства больш за 11 мільёнаў рублёў
Святлана Карлінская адпрацавала на Слонімскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм каля 30 гадоў. Мела павагу і добрую рэпутацыю. Пакуль прадпрыемства не ўзначаліў новы кіраўнік.
Святлана Карлінская: “Калі ён прыйшоў на працу, зменшыў інжынерам разрадныя каэфіцыенты, а потым панізіў каэфіцыент рабочым. Я выказала яму сваё меркаванне, за гэта новы начальнік пачаў мяне пераследваць. Пачаў фабрыкаваць парушэнні працоўнай дысцыпліны, маўляў, я не перавезла экскаватар на аб’ект, не выдала нарад. Каб звольніць мяне з працы, ён сфабрыкаваў аж чатыры загады”.
Урэшце Святлана Карлінская страціла працу. І хоць яе калегі былі ўпэўненыя, што праўды не даб’ешся, звольненая інжынер пачала хадзіць па судах. У жанчыны пагоршылася здароўе, яна ледзь не на памяць вывучыла Працоўны кодэкс і за год дайшла да Вярхоўнага суда.
Святлана Карлінская: “Праз год мучэнняў я была ўзноўленая на працы праз Вярхоўны суд. Мне быў выплачаны увесь змушаны прагул. Гэта каля васьмі мільёнаў рублёў. Плюс мільён маральных стратаў”.
Мала таго, што начальнік не звольніў інжынера з працы, дык яшчэ і тры мільёны рублёў з дзевяці выплаціў Святлане з уласнай кішэні. Пераследы працягнуліся.
“Пасля майго ўзнаўлення на працы ён заявіў, што ўсё роўна мяне звольніць, і прымусіў падпісаць новы кантракт, — працягвае Святлана Карлінская. — А праз год ён мяне зноўку звольніў, зноў жа незаконна. Пасля гэтага прадпрыемству давялося зноўку выплочваць мне грошы. Абласны суд прысудзіў два мільёны і сто тысяч за маральныя пакуты”.
Да таго ж, паводле слоў Святланы Карлінскай, на прадпрыемства завітаў Дзяржкантроль. Высветлілася, што начальнік недаплочваў сваім працаўнікам і не паклаў у касу прадпрыемства грошы за прададзеныя сілікатныя блокі і паліва. А гадавы кантракт, згодна з якім у другі раз звольнілі Святлану Карлінскую, быў сфальсіфікаваны: сапраўдны кантракт быў складзены на чатыры гады, але копію яго інжынер не атрымала.
Святлана Карлінская: “Урэшце начальнік патрапіў у псіхіятрычную клініку, ляжаў у неўралогіі. Яму давялося звольніцца з працы па сваім жаданні, іначай пракуратура яго б прымусіла. Працаваць ён пайшоў у водаканал, і, наколькі мне вядома, зараз ён увогуле займае пасаду брыгадзіра, таму што не змог праявіць сябе на інжынерскай пасадзе”.
Адзін з лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі Генадзь Фядыніч патлумачыў Еўрарадыё, што Святлана Карлінская дамаглася праўды толькі дзякуючы шматлікім парушэнням, якія дапусціў кіраўнік.
Генадзь Фядыніч: “Калі б кіраўнік прадпрыемства усё рабіў правільна, згодна з існуючым заканадаўствам, то жанчына нічога не змагла б даказаць. Бо паводле дэкрэту № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносінаў, узмацненні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны”, працаўнік не мае права не падпісваць кантракт. Бо калі б інжынер адмовілася, то, паводле артыкулу 35 частцы 5 гэтага дэкрэту, яна б была выстаўленая за дзверы”.
У суме за вымушаныя прагулы і маральныя страты Святлана Карлінская атрымала ад роднага прадпрыемства 11 мільёнаў 100 тысяч беларускіх рублёў. Сёння адважная жанчына працягвае працаваць інжынерам і мае заробак у 670 тысяч беларускіх рублёў.
Імя гераіні матэрыяла змененае.
Фота kadrovik.by