За паўгадзіны магілёвец сем раз абакраў краму
Сем крадзяжоў за паўгадзіны зрабіў спрытны магілёвец. Як паведамляе сайт УУС Магілёўскага аблвыканкама, здарэнне адбылося 29 жніўня.
Да міліцыянтаў звярнулася адміністрацыя магілёўскага філіяла фірмы "БелМаркет Компані". Яны паведамілі, што ў крамы па вуліцы Крывуліна адбыўся крадзеж тавару.
Як выявілі міліцыянты, у гэты дзень у краму некалькі разоў заходзіў і выходзіў адзін і той самы мужчына. Кожны раз ён выносіў віна-гарэлачную прадукцыю, якая стаяла на прылаўках. За паўгадзіны магілёвец наведаў краму сем разоў і кожны раз выходзіў са здабычай. Яму ўдалося вынесці з крамы некалькі бутэлек гарэлкі, каньяку і віскі. Агульная сума скрадзенага ацэненая ў 224 рублі 35 капеек.
Работнікі крамы затрымалі злодзея каля свайго будынку і выклікалі міліцыю. Затрыманым апынуўся непрацуючы 24-гадовы мужчына. Ён ужо быў раней судзімы за рабаванне, хуліганства і махлярства. Цяпер ён знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ленінскага РАУС Магілёва.
Следчы камітэт пачаў на магілёўца крымінальную справу за крадзеж, учынены паўторна. Яму пагражае да чатырох гадоў абмежавання волі або такі ж тэрмін пазбаўлення волі.