За першае паўгоддзе ВУП Беларусі знізіўся на 2,5%
Беларускі валавы ўнутраны прадукт за першае паўгоддзе 2016 года знізіўся на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
У грашовым выражэнні ВУП склаў 44,2 млрд дэнамінаваных рублёў. Адмоўны ўплыў на дынаміку гэтага паказчыка рабіла прамысловасць.
У студзені—чэрвені аб’ём прамысловай вытворчасці склаў 38,7 млрд рублёў і знізіўся на 1,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Паводле прагнозу, які раней зацвердзіў урад, чакалася, што ў першым паўгоддзі рост ВУП будзе складаць 0,1%. Меркавалася, што паводле вынікаў 2016 года эканамічны рост складзе 0,3%, аднак, нягледзячы на адмоўную дынаміку гэтага паказчыка ў першым паўгоддзі, афіцыйны прагноз не пераглядаўся.
БелаПАН таксама перадае, што ключавыя фінансавыя крэдыторы Беларусі, прагназуюць, што ВУП краіны цягам 2016 года будзе заставацца ў адмоўнай зоне. Так, Еўразійскі банк развіцця, які выдзяліў Беларусі ў сакавіку новы крэдыт, чакае, што эканамічны спад у краіне складзе 1,9% ў 2016 годзе.
Міжнародны валютны фонд, з якім беларускія ўлады працягваюць перамовы аб атрыманні новага крэдыту, прагназуе, што падзенне гэтага паказчыку будзе 3% і ў 2017 годзе рэцэсія ў краіне працягнецца на ўзроўні 0,5%.