За пікет ля амбасады Расіі ў Вільні беларусу пагражае месяц турмы

За пікет ля амбасады Расіі ў Вільні беларусу пагражае месяц турмы

На пачатку лістапада стала вядома, што ў адной з расійскіх калоній пачаліся праблемы ў палітзняволенага Эльдара Дадзіна. Інфармацыя пра магчымыя катаванні ў дачыненні да яго трапіла ў СМІ і атрымала вялікі розгалас не толькі на тэрыторыі Расіі.

Былы беларускі палітзняволены Мікола Дзядок, які цяпер жыве ў Вільні, вырашае разам са знаёмымі правесці ля амбасады Расіі ў Літве пікет салідарнасці з Дадзіным. "Мы хацелі выказаць свой пратэст супраць катаванняў і агулам супраць расійскай палітычнай сістэмы", ― кажа Дзядок у размове з Еўрарадыё.

Пікет фактычна зрывае літоўская паліцыя. Пратэстоўцы не паспяваюць перадаць у амбасаду зварот да расійскіх уладаў. Дзядка затрымліваюць, спачатку гадзіну трымаюць у службовым аўтамабілі, потым яшчэ тры у пастарунку. "Яны сказалі, што мы павінны праводзіць пікет за 50 метраў ад амбасады", ― расказвае Дзядок.

 

 

Відэа Locomotive press

24 лістапада Міколу Дзядка выклікаюць у аддзяленне паліцыі, дзе ён атрымлівае на рукі копію пратакола. Там гаворыцца аб парушэнні адміністрацыйнага кодэкса (артыкул 188 пункт 7) і магчымым пакаранні. Да 570 долараў штрафу, альбо нават месяц турмы.

"Паліцыянты пайшлі на прынцып. Яны прывыклі, што калі некаму нешта кажуць, то людзі адразу падпарадкоўваюцца. А мы адмовіліся падпарадкоўвацца. А з іншага боку, я думаю, што не абышлося без умяшальніцтва расійскай амбасады. Бо калі мы пачалі пікет, адтуль павыходзілі людзі. Паліцэйскія цягнулі нават з нашым затрыманнем. Яны гадзіну раіліся з начальствам, што з намі рабіць. З пікетамі ля польскай і беларускай амбасад у Вільні ніколі праблем не было. Людзі пікетавалі пад самымі дзвярыма і ўсё было добра", ― расказвае Мікола Дзядок.

Па словах актывіста, правілы пікетавання ў Літве насамрэч існуюць, рабіць гэта можна не бліжэй за 25 метраў ад будынка амбасады. "Але мы стаялі нават далей, за 25 метраў ад плота", ― удакладняе актывіст.

За пікет ля амбасады Расіі ў Вільні беларусу пагражае месяц турмы

Суд над беларусам адбудзецца 20 снежня. Мікола Дзядок збіраецца будаваць сваю абарону паводле закона і не "ціснуць на палітычны бок справы". "Тут нават без палітыкі відавочна, што паліцыя парушыла літоўскае заканадаўства", ― кажа Дзядок.

Дадатковай пікантнасці справе дадае тое, што Дзядок у 2007 годзе ўдзельнічаў у пікеце ля амбасады Расіі ў Мінску. Тады абышлося без затрыманняў, пікетоўцы змаглі ўцячы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі