За студзень юрыдычныя асобы ўвезлі ў краіну ўсяго 100 машын

Старшыня Мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі прызнаўся, што не ведае, навошта расійскі бок павялічвае колькасць супрацоўнікаў Смаленскай мытні, колькі будзе каштаваць растаможка аўто для фізічных асобаў і што з 23 студзеня на аўтазапраўках падаражэла паліва Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам працы мытных органаў Беларусі ў 2009 годзе, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі расказаў журналістам пра тое, што колькасць мытнікаў на расійска-беларускай мяжы пасля падпісання Мытнага саюза нечакана пачала расці.

Аляксандр Шпілеўскі: “Колькасць супрацоўнікаў мытных органаў Расійскай Федэрацыі на мяжы з Беларуссю павялічаная. У прыватнасці, прыкладна на 120 чалавек на Смаленскай мытні. На астатніх мытнях таксама павялічаная колькасць супрацоўнікаў. Робіцца гэта нібыта на падставе таго, што кантроль выносіцца на знешнюю мяжу і бліжэй да мяжы знаходзяцца тэрміналы. А на самой справе назіраецца павелічэнне мытнага кантролю з расійскага боку”.

Праўда, што гэта канкрэтна пазначае, старшыня мытнага камітэта, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, дакладна не патлумачыў. Бо, па яго ж словах, ніякіх дзеянняў па ўзмацненні фізічнага кантроля за транспартнымі сродкамі, таварамі і грамадзянамі не назіраецца. Яны проста павялічваюць штат мытнікаў. Навошта, кажа Шпілеўскі, для яго загадка.

Аляксандр Шпілеўскі:
“Нам вельмі складана прагназаваць і тлумачыць працу мытнай службы Расійскай Федэрацыі — гэта кампетэнцыя самой Расіі”.
Беларуская мытня, па словах яе старшыні, ніякім чынам не будзе рэагаваць на дзеянні расійскіх калег. Маўляў, Беларусь адмяніла мытны кантроль на расійска-беларускай мяжы і мытнікі будуць прытрымлівацца гэтай пазіцыі.


З 1 студзеня частка грамадзянаў Беларусі вымушана пачала жыць па правілах Мытнага саюза. Гаворка ідзе пра юрыдычных асобаў, якія прыганялі з-за мяжы аўтамабілі. Для іх пачалі дзейнічаць новыя тарыфы растаможкі. Еўрарадыё пацікавілася, колькі за дваццаць дзён студзеня юрыдычныя асобы прыгналі ў краіну машын. Начальнік упраўлення тарыфнага рэгулявання і мытных плацяжоў Сяргей Палудзень шчыра прызнаў, што лічба не вялікая.

Сяргей Палудзень: “Каля 4 тысяч было ў гэтым годзе ўвезена машын фізічнымі асобамі. Па юрыдычным асобам тэндэнцыя, безумоўна, значна меншая, улічваючы ўвядзенне новых ставак мытнага тарыфа. Не больш за сотню аўтамабіляў увезена юрыдычнымі асобамі”.



Ужо вядома, што з 1 ліпеня дакладна падвысяцца тарыфы мытных падаткаў на аўтамабілі і для фізічных асоб. Але як паведаміў Аляксандр Шпілеўскі, наколькі іх у выніку падвысяць будзе залежыць ад рашэння асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Шпілеўскі:
“На экспертным узроўні рашэнне аб павышэнні мытаў для фізічных асобаў з 1 ліпеня прынятае. Разам з тым, гэтая норма рэгулюецца ўказам кіраўніка дзяржавы і, відавочна, што апошняе слова будзе за прэзідэнтам Беларусі. Гэта ў яго кампетэнцыі”.

Каментуючы рашэнне расійскага боку аб выплаце 100% мытных падаткаў пры пастаўках у Беларусь нафты і нафтапрадуктаў, старшыня Мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі назваў яго незаконным. І, разам з тым, не ўзяўся прагназаваць якім чынам гэта можа адбіцца на далейшай дзейнасці Мытнага саюза.

Аляксандр Шпілеўскі: “Безумоўна, сітуацыя, якая склалася ў дачыненні да мытных пошлін на нафту, яна адаб’ецца на ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі. Напэўна адаб’ецца. Але з пункту гледжання ўплыву на стварэнне Мытнага саюза цяжка рабіць нейкія прагнозы”.



Але ж, кажа, гэта пытанне, якое вырашаецца на ўзроўні кіраўніцтва краіны, а Мытнаму камітэту даводзіцца вырашаць іншую праблему, звязаную з энергарэсурсамі — змагацца з кантрабандай паліва ў Літву і Польшчу. Па словах старшыні камітэта “бамбавозы” перастануць круціцца ля мяжы тады, калі ў нас падвысяць кошт на паліва. І вельмі здзівіўся, калі яму сказалі, што гэта адбылася сёння.

Аляксандр Шпілеўскі: “Сёння адна з праблем — гэта вываз паліва з тэрыторыі Беларусі ў суседнія краіны. Калі ён падаражае, то ўсё стабілізуецца. А што тычыцца падаражання паліва, то, па-мойму, была афіцыйная заява "Белнафтахіма", што гэтага не будзе.

Сёння падаражаў!

Аляксандр Шпілеўскі: “Да?! А я і не ведаў!”




Пацікавіліся журналісты і тым, калі на мяжы знікнуць чэргі. Начальнік упраўлення мытнага кантроля Мікалай Бурш прызнаўся, што ў мытнікаў ёсць ідэя і на гэты конт.

Мікалай Бурш: “Зараз камітэт рыхтуе дакументацыю і структуру для стварэння сітуацыйна-аналітычнага цэнтра. Гэта падраздзяленне, якое будзе цэлыя суткі і ў рэальным часе адсочваць сітуацыю ў пунктах пропуску і пры стварэнні чэргаў аператыўна рэагаваць на сітуацыю”.

Па яго словах, гэты цэнтр у самы бліжэйшы час пачне працу ў эксперыментальным рэжыме.

Фота: аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі