За забойства паштальёна жанчыну асудзілі на 20 гадоў калоніі агульнага рэжыму
За забойства паштальёна 42-гадовую Алену Цярэню асудзілі на 20 гадоў калоніі агульнага рэжыму (пракурор патрабаваў 23 гады зняволення). Сваякам забітай яна мусіць заплаціць 100 тысяч рублёў. Прысуд быў вынесены судом Гомельскай вобласці ў чацвер у Петрыкаве. Жыхарку вёскі Капаткевічы прызналі вінаватай у забойстве з асаблівай жорсткасцю з карыслівых памкненняў і ў разбоі, паведамляе партал tut.by.
Трагедыя адбылася 14 кастрычніка мінулага года. 27-гадовая паштальёнка Валянціна Сарочык пайшла разносіць карэспандэнцыю, пенсіі і знікла. Знайшлі яе цела на наступны дзень у падвале аднаго з вясковых дамоў. Цярэня, якая трапіла ў лік падазраваных у забойстве, прызналася ў здзейсненым праз некалькі гадзін. Яна нанесла паштальёнцы не менш за 11 удараў сякерай (у судзе заявіла, што здзейсніла злачынства "ненаўмысна"). Таксама жанчына забрала газеты, шакалад, больш за 1,5 тысячы рублёў.