За заклікі да санкцый у Беларусі прапануюць даваць да 12 гадоў пазбаўлення волі
Адкрываецца восеньская сесія Палаты прадстаўнікоў / БелТА
Папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць узмацненне пакарання за заклікі да санкцый, плануюць разгледзець на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў, распавёў у эфіры СТБ старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы ПП Алег Белаконеў. Сесія пачынаецца сёння.
Паводле яго слоў, змены закрануць артыкул 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Папраўкі мяркуюць, што паводле ч.1 гэтага артыкула "за заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу, захопу ўлады, заклікі да тэрарыстычных актаў", а таксама за заклікі да санкцый будзе прадугледжана пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Калі ў заклікаў ёсць адрасат, і чалавек звяртаецца непасрэдна "да замежнай дзяржавы", то яму будзе пагражаць да 10 гадоў.
"І трэцяя частка: калі гэта ажыццяўляецца з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт, сродкаў масавай інфармацыі, з выкарыстаннем службовага становішча службовай асобай, што пацягнула цяжкія наступствы, то пакаранне ўжо становіцца больш сур'ёзным – ад 4 да 12 гадоў", — распавёў Белаконеў.
Раней на мінулым тыдні дэпутат Белаконеў зрабіў яшчэ адну гучную заяву-прапанову. Падставай стала перастрэлка ў сталічнай кватэры, у якой загінуў мянчук Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Белаконеў прыехаў на цырымонію развітання з Федасюком, і сказаў журналістам, што "трэба як Пуцін сказаў, "мачыць у сарціры" ўсіх. За аднаго – дваццаць, сто. Каб не было панадна нікому".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.