Лукашэнка пагражае Цапкалу, а экс-кіраўнік Генштаба заклікае "мачыць у сарціры"
Цырымонія развітання з супрацоўнікам КДБ / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка прыгразіў усім, хто паспрабуе не ў той танальнасці пісаць і гаварыць пра загінулага супрацоўніка КДБ.
"Акрэсціна свабоднае", — сказаў ён. Ён падтрымаў кіраўніка сваёй адміністрацыі Ігара Сяргеенку, які раней паабяцаў знайсці ўсіх, "хто ўбачыў у злачынцы сакральную ахвяру".
"І калі мярзотнікі кшталту Цапкалы думаюць, што мы іх не дастанем, яны памыляюцца. Мы не даруем гібелі гэтага хлопца", — заявіў у пятніцу Лукашэнка.
Пагрозы гучалі сёння і ад экс-кіраўніка Генштаба, а цяпер дэпутата, генерал-маёра Алега Белаконева. Ён прыехаў на цырымонію развітання з загінулым афіцэрам КДБ і заявіў, што "трэба як Пуцін сказаў, "мачыць у сарціры" ўсіх. За аднаго — дваццаць, сто. Каб не было панадна нікому".
Цырымонія развітання з супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком, які загінуў у перастрэлцы ў мінскай кватэры, праходзіць у клубе імя Дзяржынскага побач з будынкам Камітэта дзяржбяспекі. Федасюк быў у групе, якая ў аўторак прыйшла ў кватэру супрацоўніка кампаніі EPAM Андрэя Зельцэра. Сілавікі былі ў цывільным, прадставіліся міліцыяй. Зельцэр ім не адкрыў. Яны пачалі ламаць дзверы, а калі праніклі ў кватэру, гаспадар сустрэў іх з паляўнічай стрэльбай і стрэліў. Сілавікі адкрылі агонь у адказ. Загінулі Федасюк і Зельцэр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.