Але зафарбаваць усе надпісы ў камунальных службаў не атрымалася. Раніцай 28 студзеня іх можна знайсці на кіёсках, на слупе насупраць аддзела ДАІ УУС Маскоўскага раёна і на трансфарматары проста ля школы №145 па вуліцы Алібегава.
"Мы знайшлі яшчэ штук 30 [трафарэтаў], — не хавае начальнік аддзела гарадской гаспадаркі Адміністрацыі Маскоўскага раёна Ігар Чарнецкі. — Нават на дзвярах пад'ездаў ад рукі напісаныя гэтыя аб'явы. Мы ўвесь час шукаем, зафарбоўваем гэтыя надпісы, а яны зноў з'яўляюцца. Уся вуліца Рафіева ў іх была! Як толькі знаходзім надпісы — адразу паведамляем і зафарбоўваем".
"Мінгарсвятло" прыбірае надпісы з ліхтарных слупоў, "Мінсктранс" — з апораў тралейбуснай лініі, "Гаррамаўтадар" — з прыпынкаў. Але хто прыбярэ надпісы з кіёскаў і трансфарматараў? Колькі яшчэ гарадскіх службаў трэба падключыць і скаардынаваць, каб прыбраць рэкламу наркотыкаў з мінскіх вуліц?
У сваю чаргу, міліцыя займаецца пошукам таго, хто пакідае аб'явы. У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама Еўрарадыё расказалі, што вынікі праверкі хутка будуць апублікаваныя.