Захад прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у абмен на роспуск парламента?
Пра гэта заявілі прэтэндэнты ў прэзідэнты падчас абмеркавання сумеснай стратэгіі.
Чарговая спроба сабраць усіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты за адным сталом і
8 лістапада была няўдалай. Але тыя, хто прыйшоў, імкнуліся казаць пра
адзіную стратэгію і пазбягалі тэмы адзінага кандыдата.
Гэтым разам сабраць усіх прэтэндэнтаў вырашыў лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Але прыйшлі толькі Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч ды прадстаўнік Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька.
На
прэс-канферэнцыі планавалася абвясціць пра супольныя дзеянні
дэмакратычных сіл падчас перадвыбарнай кампаніі. Найперш, расказаць пра
планы арганізаваць 24 лістапада сумесную сустрэчу ўсіх прэтэндэнтаў з
выбаршчыкамі на Кастрычніцкай плошчы. Але рэчаіснасць унесла свае
карэктывы, і адсутнасць астатніх прэтэндэнтаў у прэзідэнты прымусіла Віталя Рымашэўскага ізноў казаць пра адзінства. Цяпер ужо — на Кастрычніцкай плошчы.
Віталь Рымашэўскі: “Гэта
адзіны сцэнар, які вядзе да яднання дэмакратычных сіл, да ўзмацнення
дэмакратычных сіл. І адзіны, на мой погляд, сцэнар, які вядзе да
перамогі, які дазваляе выкарыстаць гэтую перадвыбарную кампанію, не
падыгрываючы рэжыму Лукашэнкі, а змагаючыся з ім”.
Мікола Статкевіч, сумна агледзеўшы прысутных, шчыра прызнаўся: пра адзінага не можа быць і гаворкі.
Мікола Статкевіч: “У
мяне няма надзеі на тое, што апазіцыя будзе мець адзінага кандыдата,
што было б надзвычай эфектыўным у дадзенай сітуацыі. Але тут ужо паўстае
пытанне хаця б аб агульнай стратэгіі і аб агульных дзеяннях. І, як
мінімум, спыненне ўзаемнай публічнай барацьбы паміж сабой на радасць
уладзе”.
І
прапанаваў сабрацца на плошчы 24 лістапада, каб пратэставаць супраць
таго, як былі сфармаваныя выбарчыя камісіі, і супраць запланаванай
уладамі імітацыі выбараў.
Падтрымаўшы Статкевіча ў асноўным, Уладзімір Някляеў
заклікаў на плошчу, каб выступіць там не “супраць”, а “за” — за
дэмакратычныя выбары, напрыклад. Нагадаў пра тое, што быў на ўсіх
магчымых сустрэчах, прысвечаных абранню “адзінага”, і пакрыўдзіўся на
Партыю БНФ.
Уладзімір Някляеў: “Беларускі народны
фронт, шчыра сказаць, мяне здзівіў. Гэта ўдзельнікі ўсіх вулічных акцый
ад самага пачатку супрацьстаяння — і ўзяць ды не з’явіцца, каб
абмеркаваць удзел ці няўдзел у плошчы, то гэта крок некарэктны”.
Падхапіўшы тэму адзінага, старшыня АГП Анатоль Лябедзька заўважыў, што ў іх ёсць мэты, дасягнуць якія нават адзіны кандыдат наўрад ці здольны.
Анатоль Лябедзька: “Задача
максімум — гэта перамога. А задача мінімум — пачатак рэальнага
перамоўнага працэсу паміж уладай і апазіцыяй пры пасярэдніцтве адказных
міжнародных арганізацый”.
Адмову АГП ад удзелу ў абранні
адзінага ён патлумачыў тым, што толькі іх партыя працуе з тымі
выбаршчыкамі, якія яшчэ вагаюцца, за каго ім галасаваць. І прапанаваў
свой варыянт сумесных дзеянняў.
Анатоль Лябедзька: “Мы павінны вызначыцца: хто з якім сегментам электарату ў час, які застаўся, працуе і нясе адказнасць за гэта”.
І
прапанаваў падпісаць зварот з пералічэннем сваіх прэтэнзій — у тым
ліку да тых жа прынцыпаў фармавання выбарчых камісій. А каардынавацца,
кажа Лябедзька, яны будуць з тымі, хто рэальна праявіць сваю палітычную
моц. Накіруе, скажам, тысячу чалавек у выбарчую камісію назіральнікамі.
Каб не было так, што, маўляў, тут усе гавораць шмат, а як людзей у
выбарчыя камісіі накіроўваць, то АГП і “Справядлівы свет”.
Карэспандэнт
Еўрарадыё пацікавіўся ў палітыкаў, ці вырашылі яны для сябе канчаткова,
што адзінага кандыдата ўсё ж не будзе. Але гэта спарадзіла з іх боку
толькі чарговую спробу давесці, што насамрэч яны — непахісныя
прыхільнікі адзінага. Толькі Статкевіч ізноў самотна адзначыў, што не
верыць у існаванне такой асобы, а Лябедзька, не вытрымаўшы, сказаў:
Анатоль Лябедзька: “У
мяне такая прапанова для калег: закрыць тэму адзінага кандыдата да таго
часу, пакуль у нас не будзе што рэальнага сказаць журналістам. Хопіць
агітаваць журналістаў. Вось калі будзе нешта, то збярэм іх і скажам!
Было, да прыкладу, адзінаццаць кандыдатаў — скляпалі пяць, на наступны
раз з пяці скляпалі двух. Таму ў межах каардынацыі прыпынім гэта да таго
часу, пакуль не будзе што рэальнае сказаць”.
Еўрарадыё: “А будзе што ў рэшце сказаць?”
Мікола Статкевіч: “Калі не будзе, то і не збярэм вас”.
Анатоль Лябедзька: “Пра іншае нешта будзем гаварыць”.
Паводле
словаў прэтэндэнтаў, на гэтых выбарах у іх няма спадзявання на “замежны
фактар”: ні Захад, ні Ўсход не дапамогуць. Хіба што маральна
падтрымаюць. Таму спадзяванні на ўнутраныя рэзервы, на плошчу — адзінае,
што застаецца для перамогі. Тым больш што, як кажуць палітыкі, Захад
ужо дамовіўся з Лукашэнкам: прызнаць вынікі выбараў, калі яны пройдуць
без відавочных парушэнняў, у абмен на датэрміновыя парламенцкія выбары.
Праўда, адкуль у іх такая інфармацыя, не прызналіся.
Фота: Змітра Лукашука