Захараў абвясціў пра прызначэнне новага галоўнага трэнера ХК "Дынама-Мінск"
Аляксей Баранаў. Фота: belarushockey.com
Галоўны трэнер мінскага "Юнацтва" Міхаіл Захараў абвясціў пра прызначэнне свайго асістэнта Аляксея Баранава галоўным трэнерам хакейнага "Дынама-Мінск". Гэта адбылося як бы выпадкова.
У Захарава спыталі, чаму Баранава не было ў трэнерскім штабе "Юнацтва" вечарам 3 лістапада падчас матчу супраць ХК "U20", а ён адказаў так:
— Ён [Баранаў. — Еўрарадыё] падпісвае з мінскім "Дынама" кантракт, таму яго не было. Нам сказалі, што калі гэтая гульня будзе прайграная, ён будзе галоўным трэнерам мінскага "Дынама".
Аляксею Баранаву 38 гадоў. Ён нарадзіўся ў расійскай Электрасталі, выхаванец школы "Крышталь". У бытнасць гульцом ён выступаў на пазіцыі абаронцы ў "Крышталі", пазней гуляў за мінскі "Керамін" і гродзенскі "Нёман". Кар'еру завяршаў у сталічным "Юнацтве". Таксама Баранаў вядомы як нападаючы аматарскай хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі.
Праз паўгадзіны пасля заявы Захарава Баранаў абверг інфармацыю пра сваё прызначэнне галоўным трэнерам "Дынама-Мінск". Паводле яго слоў, адсутнасць у трэнерскім штабе "Юнацтва" звязаная менавіта з гульнёй за каманду Лукашэнкі. Маўляў, трэба было згуляць супраць каманды Магілёўскай вобласці на спаборніцтвах аматараў.