Захопнік з Луцку патрабуе, каб топ-чыноўнікі назваліся "тэрарыстамі ў законе"

Захопнік з Луцку патрабуе, каб топ-чыноўнікі назваліся "тэрарыстамі ў законе"

У Луцк, дзе мужчына захапіў аўтобус з закладнікамі вылецеў міністр унутраных спраў украіны Арсен Авакаў. Як піша hromadske.ua, ён будзе асабіста каардынаваць дзеянні падраздзяленняў МУС ва ўмовах надзвычайнага здарэння.

Як распавядала Еўрарадыё, сёння ў першай палове дня ў цэнтры Луцка мужчына са зброяй і выбухоўкай захапіў аўтобус з закладнікамі. Відавочцы паведамляюць пра некалькі стрэлаў у аўтобусе. 

Пазней стала вядома, што ў захопленым аўтобусе каля 10 чалавек. 

Украінская паліцыя паведаміла, што мужчына затэлефанаваў і назваўся Максімам Плахім. У інтэрнэце ёсць кніга "Філасофія злачынца" аўтарства Максіма Плахога. У ёй апісваецца перабыванне аўтара ў месцах пазбаўлення волі і яго погляды на жыццё.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка зацытаваў журналістам адзін з урыўкаў: "Мяне 15 гадоў выпраўляюць, але я не выправіўся, а хутчэй наадварот — я яшчэ больш стаў тым, кім я ёсць. Таму, што я спраўляюся з самім сабой, і таму не выпраўляюся іншымі... Ёсць толькі адно, чаго я не магу, — не быць злачынцам. Я магу, таму што вырашаю ўсё сам і жыву па-свойму"

Мужчына вядзе акаўнт у Твітары. У ім ён паведаміў, што заклаў бомбу яшчэ ў адным месцы. Каб яна не ўзарвалася, мужчына патрабуе ад топ-чыноўнікаў запісаць відэазварот, дзе яны назавуць сябе "тэрарыстамі ў законе". А прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі павінен у відэазвароце сказаць: "Фільм "Зямляне" 2005 года — глядзець усім".

"Зямляне" — гэта дакументальны фільм пра эксплуатацыю жывёл людзьмі для адамашнівання, забаваў, навуковых даследаванняў або з мэтай вытворчасці адзення і ежы.

Пазней паліцыя паведаміла, што мужчына, які захапіў аўтобус з закладнікамі, быў на псіхіятрычным лячэнні. Дарэчы, з аўтобуса ён ужо двойчы страляў у бок паліцыянтаў. Былі пашкоджаныя вокны, але пацярпелых няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі