“Заканамерныя крокі”: "Белавія" пацвердзіла, што будзе звальняць персанал
Авіякампанія "Белавія" пацвердзіла Еўрарадыё, што "па не залежных ад кампаніі абставінах" яе чакаюць "скарачэнне выдаткаў", "абвяшчэнне прастою" і "аптымізацыя колькасці персаналу". Такі каментар мы атрымалі ў прэс-службе авіяперавозчыка:
"Белавія" цяпер вымушаная адмяняць дзясяткі рэйсаў у пік сезону. Сітуацыю ўскладняе тое, што перавозчык зусім нядаўна пачаў аднаўляцца пасля масавых адмен рэйсаў праз пандэмію ў 2020 годзе. Хацелася б адзначыць, што ў разгар эпідэміі COVID-19 скарачэнняў персаналу не праводзілася. Разам з тым, зніжэнне выдаткаў было дасягнутае за кошт зніжэння надбавак і скарачэння графікаў работ.
У існуючых сёння абставінах скарачэнне выдаткаў, а таксама абвяшчэнне прастою ці аптымізацыя колькасці персаналу — гэта непрыемныя, хоць і заканамерныя крокі. У той жа час мы хочам звярнуць увагу, што ў дадзенай сітуацыі рашэнні па персаналу могуць быць прынятыя толькі па рэкамендацыі кіраўнікоў падраздзяленняў і толькі з улікам бягучага аб'ёму працы. Масавыя скарачэнні не разглядаюцца".
За некалькі гадзінаў да таго ў Telegram-канале Антон Матолькі (прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім), была апублікаваная копія загаду гендырэктара "Белавія" аб скарачэнні штата "ва ўмовах значнага скарачэння работ, якія выконваюцца". Там пісалі, што ў авіякампаніі цяпер працуе блізу 2000 чалавек, і што персанал могуць скараціць на 50%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.