У Мінску з аншлагам паказалі працяг “Гульні тронаў” (фота)
Увечары 15 красавіка ў Мінску на экране вялікай залі velcom cinema паказвалі не самую звычайную кінастужку. Поўная зала людзей з заміраннем сэрца глядзела першы эпізод фінальнага сезону самага папулярнага серыяла — “Гульні тронаў”.
Што праўда, з невялікім спазненнем. Калі сусветная прэм’ера на інтэрнэт- і ТВ-пляцоўках адбылася а 4-й гадзіне раніцы 15 красавіка, то да “вялікага” экрана прэм’ера дабралася а 20-й гадзіне таго ж дня, “спазніўшыся” усяго на 16 гадзін. Затое ўсе жадаючыя перад паказам маглі сесці на той самы Жалезны трон і сфатаграфавацца з Каралём Ночы.
Але набыць квіток на паказ было нельга, бо ён быў закрытым. Каб патрапіць на прэм’еру, трэба было паўдзельнічаць у конкурсах ад арганізатараў і прыдумаць геральдыку неіснуючай арыстакратычнай сям’і. Атрымалася цікава і досыць смешна — народны крэатыў не абмінуў нават пасяўныя і беларускія выбары.