Закрываецца Падсвільскі вінзавод, сто чалавек застаюцца без працы

Закрываецца Падсвільскі вінзавод, сто чалавек застаюцца без працы

Пладова-ягаднае віно вытворчасці Падсвільскага віназвода хутка знікне з прылаўкаў. З сярэдзіны верасня запушчаны працэс ліквідацыі прадпрыемства.

Завод у мястэчку Падсвілле на Глыбоччыне працаваў з эканамічнымі стратамі з сярэдзіны 2015 года. Летась Эканамічны суд вобласці прызнаў прадпрыемства неплацежаздольным.

Надзея на выратаванне завода была: на прадпрыемства прыйшоў антыкрызісны ўпраўляючы. У Падсвільскага вінзавода быў год, каб разлічыцца з крэдыторамі, але нічога не атрымалася.

“Выратаваць прадпрыемства не атрымалася, — распавёў Еўрарадыё галоўны інжынер завода Аляксандр Радзюш. — Эканамічным судом вынесенае рашэнне аб ліквідацыі: план санацыі мы не выконвалі. Работнікі цяпер працуюць па пяць гадзін за дзень. Той выручкі, якую мы атрымліваем, не хапае, каб разлічыцца з крэдыторамі”.  

Тры гады таму на заводзе працавала 258 чалавек, цяпер засталося 104. З іх больш за палову звольняць да канца лістапада, бо выпуск прадукцыі скарачаецца. Людзям прапаноўваюць новую працу ў сельскай гаспадарцы ў іншых раёнах вобласці.

Прадукцыя завода разлічаная ў асноўным на вясковага пакупніка. Бутэлька віна каштуе крыху больш за два рублі. На заводзе лічаць, што ў вёсках людзі пачалі менш піць, бо там амаль нікога не засталося: хто з’ехаў, хто памёр. У тым ліку праз ужыванне таго самага падсвільскага віна.

Галоўные інжынер дадае, што калі раней у вёсцы, дзе ён нарадзіўся, было 70 дамоў, дык цяпер засталося тры, з якіх п’юць толькі ў адным.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі