Замест падушкі — бутэлькі з вадой: Шпарага распавяла пра суткі на Акрэсціна

Вольга Шпарага / Еўрарадыё​
Вольга Шпарага / Еўрарадыё​

Спаць на нарах без матраца прыйшлося на Акрэсціна і кандыдату філасофскіх навук, суарганізатару фем-групы Каардынацыйнага савета па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Вользе Шпаразе. Яе затрымалі 9 кастрычніка напярэдадні чарговай жаночай акцыі і асудзілі на 15 сутак.

На Акрэсціна Шпарага апынулася ў адной камеры з журналісткай Яўгеніяй Доўгай, дзе ў іх была "адна коўдра на дваіх, ні вам матраца і ўсяго астатняга".

"На ложак мы заслалі газеты, якія дасталіся нам ад папярэдніх "пастаяльцаў", наверх пасцельная бялізна, пад галаву пластыкавыя бутэлькі з цёплай вадой (у ролі падушак), спалі ў абдымку, накрыўшыся адною коўдраю", напісала Шпарага на Facebook.

Яна таксама распавяла, як яе вадзілі на размову з Дзмітрыем Дзяменцьевым з пракуратуры — мужчынам "з дарагім гадзіннікам і выпешчаннымі пазногцямі", які пагражаў ёй крымінальнай справай. Філосаф размаўляла з ім пра фенаменалогію і гендэрную роўнасць. Вольга прызнаецца, што часам на Акрэсціна было страшна, "падпаўзаў такой ліпкі і вельмі непрыемны страх". Ратавалі медытацыя, тэорыя Мішэля Фуко пра мікрафізіку часу, размовы з сукамерніцамі, а таксама філосафы, якія, "пачынаючы з Сакрата, пабывалі ў турмах".

Раней аб нечалавечых умовах утрымання на Акрэсціна распавядала баскетбалістка Алена Леўчанка. Катаваннямі назваў умовах, у якіх вымушаны знаходзіцца ў мінскім СІЗА, і Зміцер Дашкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі