Замежных трэнераў у Беларусі чакаюць на працу за 200 долараў у месяц

У Беларусі распачаліся пошукі галоўнага трэнера для нацыянальнай мужчынскай зборнай па баскетболе. Беларуская федэрацыя баскетболу аб’явіла конкурс, любы жадаючы можа патэлефанаваць на кантактны нумар альбо даслаць ліст па электроннай пошце. Ранейшы трэнер Аляксандр Барысаў падаў у адстаўку яшчэ ў кастрычніку.

Еўрарадыё пацікавілася ў начальніка аддзела па правядзенні спаборніцтваў федэрацыі Вячаслава Раднова, чаму для пошуку пераемніка Барысава спатрэбіўся конкурс?

Вячаслаў Радной:
“Вартых шмат, але трэба ведаць, ці ёсць у чалавека нейкая праграма, ці ён проста хоча прыйсці, атрымаць званне “галоўны трэнер нацыянальнай каманды” і гэтым бравіраваць, ці яшчэ што”.

Цікава, якім заробкам будзе федэрацыя завабліваць кандыдатаў? Вось якія лічбы назваў Вячаслаў Радной са спасылкай на дзяржаўнага трэнера па баскетболе Анатоля Якубенку:

“Заробак самы звычайны - міністэрская стаўка. Там атрымліваецца нешта каля 400-500 тысяч рублёў у месяц”.


Як даведалася Еўрарадыё, БФБ вядзе перамовы і з замежнымі спецыялістамі з Сербіі і Аўстрыі, але іх кандыдатуры разглядаюцца на агульных падставах. Вось што кажа Вячаслаў Радной:

“Могуць знайсціся і замежныя трэнеры, якія пагодзяцца працаваць і за такі заробак…”

У інтэрв’ю газеце “Прессбол” кіраўнік БФБ Леў Піменаў пахваліўся, што “працэс ужо пайшоў: сёння патэлефанаваў малады дзіцячы трэнер і спытаў, ці зможа ён удзельнічаць у конкурсе”.

Высветлілася, што гэтым “Дзіцячым трэнерам” быў… журналіст. Пра гэта даведаўся Вячаслаў Радной: “Учора карэспандэнт “Советской Белоруссии” патэлефанаваў і прадставіўся трэнерам, які займаецца дзіцячымі камандамі, а сёння напісаў артыкул… Пакуль больш ніхто не тэлефанаваў, ніхто не цікавіўся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі