Заробак у канвертах: Здаеш працадаўцу — не плаціш падаткі
Новы праект указа Лукашэнкі прапануе абмеркаваць Міністэрства па падатках і зборах.
Новы праект указа кіраўніка краіны "Аб мерах па прадухіленні выплаты ўзнагароджання за працу з ухіленнем ад выплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў" прапануе абмеркаваць Міністэрства па падатках і зборах.
Па новым законе, калі яго прымуць, падаткавікі будуць змагацца з "заробкам у канвертах". Што ж зменіцца?
Спагнанні і падаткі заплаціць працадаўца
Згодна з праектам указа, калі супрацоўнік пэўнай фірмы атрымлівае заробак у канверце і не плаціць з яго падаткі, ён можа сам прызнацца пра гэта падатковай. Там яго папросяць даць паказанні супраць працадаўцы. І калі падатковая высветліць, што заробак сапраўды плаціўся ў канверце, супрацоўніка фірмы вызваляць ад пені і падатку, яго заплаціць фірма.
"Гэта прынцыпова новы закон. Самае галоўнае: той, хто паведаміць, што наймальнік парушае заканадаўства, не будзе несці адказнасць, — тлумачаць у Міністэрстве па падатках і зборах. — Бо сёння ён на роўных з працадаўцам плаціць падатак і пеню".
Хто будзе шукаць "заробкі ў канвертах"
Правяраць фірмы, што плацяць у канвертах, будуць падаткавікі, міліцыя і камітэт дзяржкантролю. Але паведамляць, паводле праекта ўказа, будуць самі супрацоўнікі.
Працадаўцы, віну якіх дакажуць, будуць аштрафаваныя на суму ад 180 тысяч да 18 мільёнаў рублёў. Калі цягам года іх паўторна зловяць на гэтым правапарушэнні, штрафныя санкцыі падвояцца. Пры гэтым яны заплацяць падатак за таго, каму плацілі ў "канверце".
Калі падаткавікі не змогуць разабрацца ці сапраўды арганізацыя плаціла "па-чорнаму" свайму супрацоўніку, гэта зробіць Камітэт дзяржкантролю і Міністэрства ўнутраных спраў.
Супрацоўнікі змогуць ціснуць на працадаўцу
Фактычна, калі указ прымуць, то супрацоўнікі змогуць пагражаць працадаўцу, што "здадуць у падатковую". Напрыклад, вырашылі вас звольніць, а вы ў падатковую, расказваць пра заробкі ў канвертах.
"Кантроль за выкананнем закона — гэта абавязак дзяржавы, а не супрацоўнікаў нейкай фірмы, — тлумачыць юрыст Асамблеі незалежных прафсаюзаў Алена Яськова. — Ёсць выпадак, калі чалавека хацелі перавесці на двухдзёнку, ён прыгразіў начальству, што раскажа пра "заробак у канверце". І яго не перавялі".
Якія яшчэ падаткі і зборы хоча ўвесці дзяржава
Праект гэтага закона можна паставіць у адзін шэраг з "Дэкрэтам аб дармаедах", бо і там, і там прадугледжаныя выплаты ў дзяржаўную казну. Пра новыя законы, скіраваныя на зборы, пакуль не кажуць ні ў Міністэрстве сацыяльнай абароны, ні ў падатковай. Але пра іх заяўляе кіраўнік краіны:
"Гэта толькі першы крок. Мы людзям паказалі — кожны павінен працаваць. Трэба, каб усё было справядліва. Мы паглядзім, як лепш, і будзем маніторыць сітуацыю. Нам трэба "выцягнуць" з грамадства п'яніц, зладзюг, дармаедаў. Гэта сур'ёзная праблема", — перадае БЕЛТА выказванне Аляксандра Лукашэнкі падчас візіту ў Слаўгарадскі раён.
Яшчэ раней у краіне думалі ўводзіць "падатак на бяздзетнасць" і "падатак на паездкі за мяжу". Планавалася, што тыя, хто выязджае на закупкі за мяжу, будуць плаціць 100 долараў. Але пакуль такіх законаў не прынялі.
Фота: novobeladmin.gomel.by