Заснаваны аргкамітэт новай нацыянальна-дэмакратычнай партыі "Беларускі рух"

Больш за сто прыхільнікаў апазыцыі заснавалі аргкамітэт новай нацыянальна-дэмакратычнай партыі "Беларускі рух", паведамляе "Народная Воля".

Больш за сто прыхільнікаў апазыцыі ўзялі ўдзел у сходзе 11 лютага, які адбыўся ў сядзібе незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.  Удзельнікі абмеркавалі сытуацыю ў краіне, прынялі дэкларацыю, у якой асудзілі калабарацыю і заклікалі да змагання з дыктатурай, і заснавалі аргкамітэт новай нацыянальна-дэмакратычнай партыі "Беларускі рух".

У аднагалосна прынятай дэкларацыі, сярод іншага, гаворыцца:

"Беларускія інтарэсы вымагаюць ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў змагання за свабоду і незалежнасць, выразнай апазіцыйнасці рэжыму, яднання.

...Антыбеларускі, антыдэмакратычны рэжым – не гарант, а галоўная пагроза незалежнасці Беларусі.

...Надзённая задача – дамагчыся вызвалення палітычных вязняў і спынення тэрору супраць свядомай часткі народу. Гэта вымагае яднання ўсіх адказных палітычных і грамацкіх сілаў. Але стратэгічнае шырокае аб’яднанне неабходнае, каб дамагчыся палітычных зменаў і правесці свабодныя выбары без лукашызму.

...Мы засноўваем арганізацыйны камітэт, даручаем яму канчатковае распрацаванне праграмных дакументаў і арганізацыйныя захады дзеля фармавання палітычнай партыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку "Беларускі рух".

Сярод  удзельнікаў сустрэчы прафесар, ветэран дэмакратычнага руху Юрый Хадыка, кіраўнік Мінскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч,  былы старшыня Партыі БНФ мовазнаўца Вінцук Вячорка, сакратар Вярхоўнага Савету XIII склікання Валянціна Свяцкая, дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання гісторык Валянцін Голубеў, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання Пятро Садоўскі, доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская з Брэста, інжынер Аляксандар Мех з Кобрына, галоўны рэдактар часопіса "Спадчына" Аляксей Хадыка, кінарэжысёр, былы кіраўнік тэатра "Вольная сцэна" Валеры Мазынскі, колішні першы палітычны вязень лукашызму Валеры Сядоў. Больш за траціну ўдзельнікаў – моладзь, у тым ліку маладзёжны лідар, палітпрызыўнік Франак Вячорка, старшыня "Моладзі БНФ" Андрусь Крэчка, перакладчык Святлана Носава. Аб далучэнні да аргкамітэта таксама заявілі кіраўнік мастацкай суполкі "Пагоня" Аляксей Марачкін; дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання Галіна Сямдзянава; маладзёжны актывіст Антон Койпіш, які цяпер хаваецца ад пераследу спецслужбаў.

У аргкамітэт створанай палітычнай арганізацыі ўвайшлі 37 чалавек, пераважна вядомыя прозвішчы. Плануецца ўтварыць чатыры камісіі – палітычную, міжнародную, інфармацыйную і культурна-адукацыйную. Менавіта на асветніцкай працы рабілі акцэнт многія выступоўцы. Для падрыхтоўкі праграмных дакументаў і паседжанняў аргкамітэта ўтвораная працоўная група з васьмі чалавек.

На сходзе не ставілася пытання лідарства, бо партыя ствараецца не "пад асобу", а на ідэйнай аснове. Ішла гаворка пра магчымасць кансалідацыі дэмакратычных сілаў у барацьбе з лукашызмам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі